У 2015 годзе асноўныя заканадаўчыя змены, якія закранаюць інтарэсы НКА, тычыліся прававога рэгулявання атрымання замежнага фінансавання. Пры гэтым аўтары агляду падкрэсліваюць, што ў цэлым засталіся без зменаў усе ранейшыя прававыя абмежаванні і правапрымяняльная практыка па ўсіх аспектах стварэння і дзейнасці НКА.

Дэкрэт прэзідэнта №5 ад 31 жніўня 2015 года “Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе”, які набывае моц з 4 сакавіка 2016 году, у цэлым пакінуў ранейшы парадак атрымання замежных ахвяраванняў, які вымагае іх абавязковай папярэдняй рэгістрацыі, захавалася і крымінальная адказнасць за парушэнне гэтага парадку. У 2015 годзе адбылося змяненне прававога рэгулявання і іншага віду замежнага фінансавання – міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У гэтай частцы працэдура таксама засталася ранейшай, хоць і былі знятыя некаторыя бюракратычныя бар’еры. У Беларусі створаны Цэнтр міжнароднай тэхнічнай дапамогі Еўрапейскага Звяза, а таксама прадугледжанае стварэнне Каардынацыйнага савета пры камісіі па пытаннях міжнароднага тэхнічнага супрацоўніцтва з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, донараў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, няўрадавага сектара. Рэформа падатковага заканадаўства пакінула ў сіле выбарачны падыход, калі Падатковы кодэкс называе пайменна тыя НКА, ахвяраванні для якіх выключаюцца для беларускіх донараў з іх падаткаабкладальнай базы (пералік такіх НКА у кодэксе быў пашыраны нязначна).

Агляд адзначае, што прыняццё гэтых заканадаўчых новаўвядзенняў адбылося без сапраўднага абмеркавання з зацікаўленымі суб’ектамі: працэс камунікацыі дзяржаўных органаў і заканадаўцаў з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці па пытаннях рэфармавання заканадаўства, што закранае іх дзейнасць, часцей за ўсё адбываецца ў аднабаковым фармаце, прапановы зацікаўленых НКА разглядаюцца фармальна і не ўлічваюцца ў поўнай меры.

Парадак дзяржаўнай рэгістрацыі грамадскіх аб’яднанняў, партыяў, фондаў застаецца складаным і пакідае прастору для адвольнай адмовы ў рэгістрацыі любой новастворанай арганізацыі на малазначных падставах. Органы юстыцыі адмаўлялі ў рэгістрацыі шэрагу грамадзкіх аб’яднанняў, якія цягам 2015 года падавалі дакументы для рэгістрацыі.

Захоўваецца забарона на дзейнасьць НКА без дзяржаўнай рэгістрацыі, за якую прадугледжаная крымінальная адказнасць па артыкуле 1931 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае пакаранне да двух гадоў пазбаўлення волі. Нягледзячы на адсутнасць новых крымінальных справаў па гэтым артыкуле, сама наяўнасць забароны і пагроза пакарання істотна абмяжоўвае свабоду асацыяцый і магчымасці для дзейнасці арганізацый грамадзянскай супольнасці.

Выпуск гадавых аглядаў свабоды асацыяцый і прававога стану некамерцыйных арганізацый у Беларусі ажыццяўляецца Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацый і Цэнтрам прававой трансфармацыі штогадова з 2007 году.

Documents: