У другой палове дня 2 красавіка жонка галадоўніка Сяргея Каваленкі Алена сустрэлася з лекарам псіхіятрычнага шпіталя пры калоніі «Віцьба-3», дзе трымаюць Сяргея Каваленку. «Там усё ж непрымальныя ўмовы, бо няма патрэбнага абсталявання. Вось сёння ў Сяргея ўзялі кроў для біяхімічнага аналізу, але ў калоніі яго не робяць, а пакуль давезлі да шпіталя, кроў згарнулася», — распавяла Алена Каваленка.

Паводле лекара турэмнага шпіталя, Сяргей Каваленка мае «скрайнюю ступень абяссілення». Пра стан Каваленкі на 2 красавіка лекар сказаў: «Больш-менш, але цяжкі». Таксама Алене Каваленцы стала вядома, што 31 сакавіка да яе мужа ў калонію выклікалі рэаніматолагаў, як і 30 сакавіка.

«Шэсць разоў на дзень яму ўліваюць сумесь „Беллакт“, паведаміў лекар. Пачалі гэтак карміць яшчэ ўчора, у нядзелю. Таксама працягваюць ставіць кропельніцы. Паводле лекара, ягоны стан „больш-менш“. Тэмпэратура паніжаная, ціск быццам нармальны. Але сам Сяргей есці па-ранейшаму адмаўляецца. Мяркую, калі б яго паклалі ў цывільны шпіталь, ён бы і сам пагадзіўся выходзіць з галадоўкі, а турэмным лекарам ён не давярае. Нас да Сяргея нікога не дапускаюць», — паведаміла Алена Каваленка.

Праваабаронцы заклікаюць спыніць пераслед Сяргея Каваленкі
Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) і яе сяброўская арганізацыя ў Беларусі Праваабарончы цэнтр «Вясна» заклікаюць улады Беларусі неадкладна спыніць палітычны пераслед Сяргея Каваленкі і забяспечыць яму належную медычную дапамогу.

«Адказнасць за жыццё і здароўе Сяргея Каваленкі цалкам ляжыць на кіраўніцтве Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у распараджэнні якога ён зараз знаходзіцца», — адзначаюць аўтары заявы.

«Публічная дэманстрацыя і вывешванне Каваленкам сцяга ні ў якім разе ня можа кваліфікавацца як хуліганскія дзеянні; яны з’яўляюцца грамадска-палітычнай акцыяй, не носяць „характару асаблівага цынізму і відавочнай непавагі да грамадства“ і не мелі гэтага на мэце.

Паўторнае прыцягненне Сяргея Каваленкі да крымінальнай адказнасці за нібыта ўхіленне ад адбыцця пакарання — непрыхаваны працяг палітычных рэпрэсій у дачыненні да яго і спроба далейшай ізаляцыі актывіста апазіцыйнай партыі», — адзначаецца ў заяве.

***
Галадоўку Сяргей Каваленка аб’явіў 20 снежня мінулага года. Актывіст галадуе на знак пратэсту супраць свайго затрымання і крымінальнага пераследу: супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі ініцыявалі супраць яго справу за парушэнне рэжыму «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гарадской навагодняй ёлцы ў 2010 годзе.

Сяргей Каваленка працягвае галадоўку, дамагаючыся пераводу ў цывільны шпіталь і скасавання прысуду.

Артыкулы па тэме

Сяргея Каваленку прымусова выводзяць з галадоўкі

Беларус працягвае галадаваць за сцяг

Галадоўка як пратэст супраць пераследу