Да трох год за “няправільныя” думкі
Незалежны сайт vialejka.org перастаў працаваць 3 ліпеня. Сайт канцэнтраваў сваю ўвагу на сацыяльнай аналітыцы, асвятленні агульнарэспубліканскіх і лакальных навінаў. Пры гэтым, сайт вылучаўся недзяржаўнай напраўленасцю і заставаўся, бадай, адной незалежнай крыніцай лакальных навін у рэгіёне. Пра тое, што інтэрнэт-рэсурс быў запатрабаваны карыстальнікамі, сведчыць хаця б наяўнасць каментароў да навін, якія вывешваліся на сайце. Адзін з такіх каментароў і стаў прычынай раптоўнага спынення працы рэсурса.
Інтэрнэт-карыстальнікі не змаглі зайсці на сайт ужо 3 ліпеня. На яго галоўнай старонцы змешчаны такі допіс: “На карыстальнікаў сайта заведзена крымінальная справа за паклёп і абразу. Другая справа знаходзіцца на этапе распрацоўкі. Цяпер сіламі МУС вядзецца пошук адміністратараў сайта. Зусім хутка мы ізноў з’явімся ў сеціве! Сачыце за абнаўленнямі!”
У якасці сведкі ў міліцыю ўжо выклікалі аднаго з карыстальнікаў інтэрнэт-старонкі Міколу Суслу.
У яго на экспертызу міліцыянты забралі ўласны камп’ютэр, бо лічаць, што малады чалавек можа быць адміністратарам сайта. Мікола паведаміў, што заведзена крымінальная справа аб паклёпе на дырэктарку СШ №1 Вілейкі. Адзін з каментатараў малюнка, змешчанага на сайце, пакінуў допіс, у якім разгледзелі паклёп і абразу жанчыны.
Другая справа, па словах М. Суслы, знаходзіцца на стадыі збору матэрыялу. Шукаюць аўтара аднаго з каментароў да артыкула аб смерці Анатоля Шагава, які ўзвёў паклёп на дырэктарку Вілейскай музычнай школы. Пакуль пазнаёміцца з навінамі vialejka.org прапануецца на Twitter’ы.
Адпаведна новаму праекту дзяржаўнага рэгулявання Інтэрнэта, адміністрацыя рэсурса нясе крымінальную адказнасць не толькі за вывешванне “крамольных” навінаў, але і за публікацыю каментароў да іх. Пры гэтым, існуе адказнасць і для самаго каментатара. За “няправільна” выражаную думку каментатара могуць пазбавіць волі тэрмінам да трох год.
“Першая ластаўка” – “Хартыя 97”
Справа аб пераследу каментароў на інтэрнэт прасторы – ужо не беспрэцэдэнтная на Беларусі. Некалькімі месяцамі раней была заведзена крымінальная справа па факце паклёпу ў каментарах на сайце “Хартыя’97” – вядомай апазіцыйнай інтэрнэт-крыніцы.
12-га лютага 2009 г. сайт “Хартыя 97” змясціў ліст палкоўніка Іллі Рыжанкова, кіраўніка Савета воінаў-інтэрнацыяналістаў Узброеных сіл РБ, які быў надрукаваны ў газеце Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі “Советская Белоруссия”. У сваім лісце І.Рыжанкоў гнеўна асуджаў учынак групы воінаў- афганцаў, якія адмовіліся атрымаць юбілейныя ўзнагароды "20 гадоў вываду войск з Афганістану". Сярод іх былі старшыня аргкамітэта па стварэнні Аб’яднання ветэранаў баявых дзеянняў "Абаронцы Айчыны" Аляксандр Камароўскі, арыштаваны лідэр прадпрымальнікаў, палітзняволены Мікалай Аўтуховіч і праваабаронца Алег Воўчак. Аб сваім рашэнні адмовіцца ад узнагарод яны праінфармавалі асабіста прэзідэнта А. Лукашэнку.
Перадрук гэтай навіны выклікаў бурную рэакцыю чытачоў сайта. Пад артыкулам з’явіліся не зусім карэктныя каментары. Менавіта яны і сталі прадметам зацікаўлення Генеральнай пракуратуры. Была ўзбуджаная крымінальная справа па факце паклёпу ў каментарах, у якіх Генеральная пракуратура ўгледзела "абразу і паклёп".
Да того ж, на допыты ўжо выклікаліся сустаршыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання ветэранаў вайны ў Афганістане "Абаронцы Айчыны" Алег Воўчак і Аляксандр Камароўскі. Пакуль яны праходзяць па гэтай справе ў якасці сведкаў.
Пакуль невядома, якім чынам Генеральная пракуратура збіраецца выстаўляць абвінавачанні па гэтай справе – устанавіць аўтарства каментароў на сайце "Хартыя’97" будзе даволі складана. У выніку крымінальная адказнасць можа быць перакладзеная на тых, хто каментары прымаў – рэдакцыю “Хартыі’97”. Такая адказнасць – унікальная з’ява не толькі сярод заходнееўрапейскіх краін, але і на постсавецкай прасторы.
Наталля Радзіна, журналіст гэтага інфармацыйнага сайта, так пракаментавала новую крымінальную справу: “Гэта беспрэцэдэнтны выпадак. Інтэрнэт – на сёння адзіная крыніца праўдзівай інфармацыі пра сітуацыю ў краіне. Акрамя таго, інтэрнэт ва ўсім свеце не толькі інфармуе, але і мабілізуе людзей напярэдадні выбарчых кампаній. Гэтага ўлады відавочна спалохаліся. Ніякай нецэнзурнай лаянкі ў каментарах не было. Было агульнае абурэнне “ганенню” у дзяржСМІ прынцыповых людзей”.
Юрыст і прадстаўнік БАЖ Андрэй Бастунец (на фота) лічыць, што распачынанне гэтай крымінальнай справы не з’яўляецца ціскам выключна на саюз "Абаронцы Айчыны" і сайт “Хартыя’97”. “Ціск на “Хартыю’97” і узмацненне ціску на незалежныя інтэрнэт-рэсурсы – гэта ўзаемазвязаныя рэчы. Улады пачынаюць ціснуць на найбольш папулярныя рэсурсы, выкарыстоўваюць зручныя моманты для гэтага. Ахвярамі становяцца тыя, хто выклікае найбольшую незадаволенасць ва ўладаў”. Пакуль аб рэальных выніках гэтай справы невядома, яна яшчэ знаходзіцца ў працэсе расследвання.
Такім чынам, узбуджэнне крымінальнай справы за каментары да інтэрнэт-публікацыі не варта лічыць нечым нечаканым. Цяпер яны яшчэ і афіцыйна замацаваныя ва ўказе А. Лукашэнкі №60, які наўпрост датычыцца рэгулявання інтэрнэта. Цяпер нават і каментар да навіны можа стаць падставай для пераследу і крымінальнай адказнасці, што робіць інтэрнэт зонай татальнай несвабоды, супярэчыць самой яго сутнасці.
Кацярына Клімко, паводле інфармацыі "Наша Ніва"