4 ліпеня шведскія пілоты, абышоўшы беларускую супрацьпаветраную абарону, на наступны дзень пасля параду Дня Незалежнасці скінулі на ранішні Мінск і Івянец 800 цацак. Да плюшавых мядзведзікаў былі прычэплены лозунгі ў падтрымку свабоды. Мэтай акцыі была падтрымка дэмакратычных працэсаў у Беларусі.

Зарэгістраваны ў Швецыі самалёт, як сцвярджаецца, вылецеў з тэрыторыі суседняй Літвы і без дазволу пранік у паветраную прастору Беларусі. Варта адзначыць, што Мінабароны да гэтага часу не прызнала факту несанкцыянаванага палёту шведскіх актывістаў над тэрыторыяй Беларусі 4 ліпеня на лёгкаматорным самалёце.

13 ліпеня быў затрыманы 20-гадовы студэнт Інстытута журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першым размясціў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі плюшавых мядзведзяў, скінутых 4 ліпеня са шведскага самалёта над Івянцом і Мінскам. Антон Сурапін быў затрыманы на трое сутак для высвятлення яго датычнасці да раскідання шведамі цацачных мядзведзікаў. У сваю чаргу Сурапін сцвярджае, што здымкі плюшавых медзведзянятаў яму даслаў па электроннай пошце невядомы чалавек.

Тэрмін затрымання Антона скончыўся 16 ліпеня, аднак малады журналіст так і не быў вызвалены. Паводле працэдуры, калі сканчаецца абвешчаны тэрмін затрымання пэўнага грамадзяніна, следчы можа хадайнічаць аб прымяненні да яго меры стрымання. Рашэнне па гэтым пытанні прымае пракурор, а інфармацыю пра яго следчы ўпаўнаважаны паведаміць толькі блізкім сваякам.

Пілоты: «У нас не было ніякіх кантактаў з Антонам»

Арганізатары «плюшавага дэсанта», прадстаўнікі піяр-кампаніі «Studio Total», заяўляюць аб недатычнасці да акцыі беларускага фатографа Антона Сурапіна, затрыманага Камітэтам дзяржбяспекі.

Томас Мазэці, які разам са сваёй калегай Ханай Лінай Фрэй кіраваў самалётам падчас акцыі, заявіў пра недатычнасць Антона да акцыі: «Мы і раней казалі пра тое, што напярэдадні акцыі ў нас не было ніякіх кантактаў ні з кім з прадстаўнікоў Беларусі. Натуральна, у нас не было ніякіх кантактаў і з Антонам». Паводле яго слоў, у бліжэйшыя два-тры дні арганізатары акцыі выступяць з афіцыйнай заявай з гэтай нагоды. «Яна будзе адрасавана, у тым ліку, беларускім уладам. Больш за тое, мы гатовыя адказаць на ўсе пытанні беларускіх следчых, калі яны прыедуць у Швецыю», — сказаў Мазэці. Ён таксама не ведае, хто мог адправіць Антону Сурапіну фатаграфіі з медзведзянятамі. Арганізатары акцыі гэтага не рабілі дакладна, падкрэсліў Мазэці.

«Але падумайце самі: мы скінулі некалькі сотняў медзведзянятаў, і я сам бачыў, што многія людзі іх фатаграфавалі. Адаслаць фатаграфіі Антону мог любы з іх», — дадаў прадстаўнік кампаніі Studio Total.

Пра тое, што да арганізацыі акцыі Антон не мае дачынення, заявіла і яго маці Алена Сурапіна:

«У КДБ зараз ідзе экспертыза камп’ютарнай тэхнікі, якую ў яго забралі. Сказалі, што калі пацвердзіцца, што гэтыя здымкі яму даслалі, а не сам ён іх увёў, то яго адпусцяць. Я перакананая, што гэтак і будзе, бо ён мне раней сам распавядаў пра гэта. Што экспертыза пакажа ягоную недатычнасць да гісторыі з самалётам».

Паводле Алены Сурапінай, яе сын проста выконваў сваю працу: «Я думаю, што Антон проста апынуўся крайнім. Мы пашукалі ў інтэрнэце, там столькі рознай інфармацыі. Ёсць ужо і відэа, і ўсё. І за што яго ўзялі? За тое, што ён быў першым? Дык гэта ж ягоная праца, ён журналіст».

***

Гэтая гісторыя атрымала шырокі грамадскі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасці беларускай СПА. Зараз камісія Лукашэнкі праводзіць праверку ўсіх злучэнняў і вайсковых часцей Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны.

Варта адзначыць, што афіцыйны Мінск спачатку адмаўляў факт парушэння замежным самалётам паветранай прасторы Беларусі. Пасля гэтага арганізатары акцыі размясцілі ў інтэрнэце відэазапіс свайго палёту над Беларуссю, а затым выступілі з заявамі аб тым, што пры падрыхтоўцы да акцыі яны не кантактавалі ні з кім з прадстаўнікоў Беларусі.

Зараз Антон Сурапін утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ. Да 23 ліпеня яму павінна быць прад’яўлена абвінавачванне. Артыкул 371 ч. 3 КК, паводле якога ён падазраецца (наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай асоб), прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі ад трох да сямі гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасці.

Артыкулы па тэме

Бяляцкі: ціск уладаў Беларусі і падтрымка міжнароднай супольнасці

Жорстка збітаму міліцыянтамі актывісту прысудзілі штраф

Арыштаваны беларускі журналіст Андрэй Пачобут