Пра дату канфіскацыі офіса «Вясны» судовая выканаўца суда Першамайскага раёна Мінска пісьмова паведаміла на адрас жонкі зняволенага кіраўніка арганізацыі Алеся Бяляцкага. Наталля Пінчук атрымала гэты ліст 17 лістапада. 

11 апошніх гадоў офіс праваабарончага цэнтра «Вясна» месціцца ў кватэры, якая была набытая ў 2000 годзе і па рашэнні рады «Вясны» аформленая на прыватную асобу, у ёй быў афіцыйна зарэгістраваны Алесь Бяляцкі. Згодна з прысудам гэты офіс павінен быць канфіскаваны.

Як адзначыў намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч, гэтае паведамленне не было нечаканасцю для сябраў арганізацыі:

«Гэта, канешне, ускладняе нам жыццё. Але мы ў любым разе будзем працягваць дзейнасць. Мы былі да гэтага гатовыя. Бо гэта ўжо даўно цягнецца. Са жніўня рашэнні суду ўступілі ў законную сілу і ўжо павінны быць выкананыя. Для мяне ўвогуле дзіўна, што нам такі доўгі час далі даседзець, яшчэ і выбары пераседзець — а мы ж займаліся назіраннем. Мы гэтага чакалі, а зараз ёсць канкрэтная дата — 26 лістапада. Хаця, канешне, нам шкада, бо мы 12 гадоў прапрацавалі ў гэтым офісе. Фактычна ўсе актывісты беларускія ведаюць дарогу да нас. Для нас вельмі важна, што офіс вядомы, пазнавальны, і людзі, калі што здараецца, ведалі, дзе нас знайсці. Але, тым не менш, мы самі нікуды не знікаем, будзем працягваць працаваць».

25 студзеня сябры праваабарончага цэнтра «Вясна» вывезлі са свайго офіса ў Мінску частку рэчаў, але заявілі, што застануцца ў памяшканні да апошняга.

***

24 лістапада 2011 года старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі (на фота) быў асуджаны судом Першамайскага раёна Мінска па сфабрыкаванай справе па ч. 2 арт. 243 КК РБ да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і спагнаннем нібыта нанесенай ім шкоды дзяржаве.

18 студзеня 2012 года неабходная сума, сабраная грамадзянамі ў выніку кампаніі па зборы сродкаў для Алеся Бяляцкага, была пералічана на рахунак Упраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама для суда Першамайскага раёна для кампенсацыі шкоды, нібыта нанесенай асуджаным дзяржаве. Гэтыя сродкі былі сплочаныя з мэтай дамагчыся вызвалення палітвязня альбо змены яму меры стрымання і змякчэння надзвычай жорсткага прысуду.

24 студзеня 2012 года Мінскі гарадскі суд адмовіў праваабаронцу ў задавальненні касацыйнай скаргі і пакінуў прысуд першай інстанцыі без зменаў. 20 верасня 2012 года Вярхоўны Суд РБ адмовіў Бяляцкаму ў задавальненні нагляднай скаргі на вынесены прысуд.

Скарга ад імя старшыні ПЦ «Вясна» і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Алеся Бяляцкага зарэгістраваная ў Камітэце ААН па правах чалавека.

Артыкулы па тэме

Праваабаронцы правялі першыя кансультацыі са спецдакладчыкам ААН па Беларусі

У Беларусі рыхтуецца ліквідацыя чарговай праваабарончай арганізацыі

Выканаўчы дырэктар Фонду Дамоў правоў чалавека Марыя Дале пра Алеся Бяляцкага: «Чалавек волі»