Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па факце распаўсюду парнаграфічных ролікаў нібыта з электроннай скрынкі, якая належыць праваабаронцу (sudalenko@mail.ru). Парнаграфічныя матэрыялы нібыта са скрынкі sudalenko@mail.ru і з IP-адрасу, зарэгістраванага ў грамадска-палітычным цэнтры былі дасланыя ў інспекцыю па падатках і зборах па Савецкім раёне і ў абласное ўпраўленне Следчага камітэту.
8 красавіка ў грамадска-палітычным цэнтры прайшоў ператрус, міліцыя забрала нібыта для праверкі ў межах крымінальнай справы чатыры сістэмныя блокі камп’ютэраў. Ператрус прайшоў і на кватэры Леаніда Судаленкі, які на той момант знаходзіўся ў Швецыі на канферэнцыі праваабаронцаў. Міліцыя патлумачыла, што нібыта з электроннай скрынкі праваабаронцы і з IP-адрасу, які зарэгістраваны за РГА «Прававая ініцыятыва», была распаўсюджана парнаграфія. Леанід Судаленка не карыстаўся дадзенай электроннай скрынкай sudalenko@mail.ru, таму што яна была ўзламаная. Па дадзеным адрасе знаходзіцца грамадска-палітычны цэнтр, тут часта праходзяць мерапрыемствы, семінары, сустрэчы і імпрэзы, і пароль ад Wi-FI ведаюць шмат людзей, якія бываюць тут. Пароль таксама запісаны быў доўгі час і на дошцы ў офісе. Таму пры жаданні скарыстацца Wi-Fi можна нават не заходзячы ў будынак офісу.
«Не ўзнікае ніякага сумневу, што крымінальная справа – правакацыя. Каб Леанід Судаленка – праваабаронца, чалавек такога статусу і ўзросту займаўся такімі рэчамі – гэта проста лухта. Мы ў грамадска-палітычным цэнтры вучым людзей камп’ютэрнай бяспецы, сучасным тэхналогіям – а праваабаронца са сваёй уласнай скрынкі рассылае парнаграфію – хто толькі можа ў такое глупства паверыць», – адзначыў нефармальны кіраўнік грамадска-палітычнага цэнтру Уладзімір Кацора.
13 траўня апытанне тычылася ў большасці тэхнічных пытанняў: калі праваабаронца займеў сваю электронную скрынку, як доўга карыстаўся ёй, хто меў доступ да інтэрнэту праз Wi-Fi.
Следчы паведаміў, што камп’ютары, якія забралі ў час ператрусу, перададзены на экспертызу, і, магчыма, пасля правядзення экспертызы будуць вернуты ўладальнікам. Таксама следства накіравала запыты ў службу Mail.ru. Як правіла, адказы на запыты можна чакаць месяц, два і нават больш.
Яшчэ раней гомельскі праваабаронца прадставіў следству доказы аб тым, што ён не датычны да злачынства. У прыватнасці, Леанід Судаленка прадставіў сканы перапіскі з тэхнічнай службай Mail.ru аб тым, што дадзеная электронная скрынка ўзламаная са снежня 2014 года і праваабаронца яе не кантраляваў. А Wi-Fi маглі карыстацца мноства людзей, якія наведваюць мерапрыемствы ў грамадска-палітычным цэнтры.
Леанід Судаленка лічыць дадзеную крымінальную справу правакацыяй. Праваабаронца звяртае ўвагу, што раней ён патрабаваў ад УУС Гомельскага аблвыканкаму ўстанавіць IP і тых людзей, якія на адным з сайтаў не толькі перыядычна публікуюць абразы ў бок праваабаронцы, але апошнім часам і пагражаюць забойствам яго дзецям. Ні IP, ні тых асоб, хто змяшчае дадзеныя пагрозы, міліцыя не ўстанавіла, аб чым і дала адказ.
Артыкулы па тэме