На прэм’еры свайго апошняга фільму “Вязень з Азербайджану”, што адбылася ў агульнай зале нарвежскай і фінскай амбасадаў ў Літве, прысутнічаў і сам рэжысёр (на фота). Нарвежскі амбасадар Стэйнар Гіл, былы амбасадар у Азербайджане, шчыра вітаў усіх прысутных, у тым ліку і амбасадара Азербайджана ў Літве. Аўдыторыя была кранутая гісторыяй незалежнага журналіста і галоўнага рэдактара бакінскай газеты "Азадлыг", Эйнула Фатулаева (на фота ўнізе), што ў цяперашні час адбывае працяглы тэрмін турэмнага зняволення за сваю прафесійную дзейнасць. Яго праўдзівыя артыкулы, таксама і пра сямейную дынастыю прэзідэнтаў Гейдара і Ільхама Аліевых, сталі падставай для бясконцых судоў, колькасць якіх ужо – 34. У сваіх шматлікіх артыкулах ён таксама паднімаў тэму крымінальнай справы аб забойстве журналіста Эльмара Гусейнава, які быў застрэлены побач з уласным домам у 2005 годзе. Яго забойцы дагэтуль застаюцца на свабодзе.
Прысутнічаў на паказе фільму і адвакат Фатулаева Рашыд Гаджылы, асістэнт Боргена і шматгадовы сябра Сеткі ДПЧ Вугар Гаджаеў, а таксама леташняя лаўрэатка прэміі РАФТА Малахат Насібава, яшчэ адзін азербайджанскі журналіст, прафесійныя правы якога шматразова былі парушаныя азербайджанскімі уладамі. У той час, калі Борген дзяліўся з аўдыторыяй асаблівасцямі свайго творчага працэсу, Гаджаеў зачытаў прывітанне ад Фатулаева, што было напісанае з турэмнай камеры ўсяго некалькі дзён таму. Фатаграфіі ж Юліі Дарашкевіч былі напамінам пра тое, што аўтарытарны рэжым Беларусі закранае паўсядзённае жыццё ўсіх беларусаў. Умела спалучыўшы "нявінныя" сітуацыі з жыцця звычайных людзей з палітычнымі, у якіх асноўныя правы чалавека груба парушаюцца, аўтарка данесла да аўдыторыі свой месадж, што Беларусь, якую часта называюць “апошняй дыктатурай Еўропы” – гэта цалкам несвабоднае грамадства.
Усім прысутным, якіх было больш за 50 з 17 розных краін, арганізатары нагадалі таксама і пра асноўныя моманты дзейнасці Сеткі ДПЧ у розных рэгіёнах. Праз ілюстраваныя прэзентацыі выканаўчы дырэктар праекту Марыя Дале, кіраўнік жэнеўскага аддзялення ДПЧ Фларыян Ірмінгер і кіраўнік праекту Людміла Ульяшына праінфармавалі аўдыторыю аб дзейнасці і праектах Сеткі, колькасць якіх хутка павялічваецца, а таксама – аб бягучым праекце "Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці" .
Дзякуючы дакладам трох вядучых праваабаронцаў Беларусі, прысутныя таксама даведаліся аб змрочных рэаліях сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Падчас прэс-канферэнцыі, што праходзіла ў Віленскім ДПЧ, прэсе была прадстаўлена зацверджаная на нарадзе спецыяльная заява са шматлікімі канкрэтнымі рэкамендацыямі па паляпшэнні сітуацыі з правамі чалавека, адрасаваная ўладам. Асаблівая ўвага была нададзеная жорсткім абмежаванням на свабоду выказванняў, свабоду асацыяцый і мірных сходаў, а таксама правам саміх праваабаронцаў.