Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сказаў, што ў 2013 годзе ў выбарчае заканадаўства ўнеслі некалькі дапаўненняў і змяненняў. Адно з іх як раз і тычыцца працы назіральнікаў:
«Паводле ранейшага заканадаўства калі назіральнік сваімі дзеяннямі перашкаджаў працы выбарчай камісіі, старшыня камісіі мог выдаліць яго з участку. Але ўжо на наступны дзень ці праз дзень гэты чалавек мог зноў прыйсці на гэты ж участак. І зноў ствараць нейкія перашкоды для працы камісіі альбо правакаваць камісію на якісці канфлікт.
Раней акрэдытацыі ў нацыянальных назіральнікаў, накшталт абавязковай для замежных назіральнікаў, у нас не было. Цяпер яна будзе праводзіцца, як кажуць, у явачным парадку. Прыйшоў і падаў дакументы ад арганізацыі, альбо ад працоўнага калектыву, альбо ад грамадзян, якія вылучылі цябе назіральнікам. Адразу тваё прозвішча заносяць у адпаведны журнал, і можаш працаваць. А калі ты парушыў правілы, перашкаджаеш працы камісіі, то пазбаўляешся акрэдытацыі. І больш цябе на гэтым участку да канца выбараў не акрэдытуюць».
«Гэтая навэла ўкладаецца ў агульны трэнд уладаў — на пагаршэнне магчымасцяў для назіраньня за празрыстасьцю выбарчага працэсу», — упэўнены сустаршыня грамадскай кампаніі «За сумленныя і справядлівыя выбары» Віктар Карняенка:
«У сваёй сутнасці гэтае новаўвядзенне палягчае працу выбарчых камісіяў. І раней яны маглі выдаляць хоць штодня назіральнікаў, якія ім чымсці не спадабаліся. Я прывяду канкрэтны прыклад. У 2012 годзе на апошніх парламенцкіх выбарах камісія выдаліла з памяшкання назіральніка. Падстава — перашкаджаў ёй працаваць. А перашкаджаў тым, што ў назіральніка ў роце была гумовая жуйка. Гэта самадурства, зразумела. І хачу прывесці іншы прыклад. Не так даўно, у верасні, я быў назіральнікам на выбарах у Швецыі. У заканадаўстве гэтай краіны пра назіральнікаў наагул нічога не згадваецца. Але гэта не перашкаджала ні старшыні камісіі, ні яе чальцам садзіць мяне за стол, дазваляць адсочваць усе працэсы. Нават бюлетэні падлічваць. Калі няма чаго хаваць, то спадарыні Ярмошынай (Старшыня ЦВК – аўт.) не было б чаго і непакоіцца».
Навацыя Цэнтравыбаркаму толькі ўскладніць дзейнасць назіральнікаў — адзначае намеснік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч: «Таму што назіральнікаў і так выдаляюць па абсалютна надуманых абставінах. Калі назіральнік падчас падліку галасоў хоча падысці бліжэй да месца, дзе лічаць бюлетэні, каб пабачыць, як гэта робіцца, то былі выпадкі, калі на патрабаванне камісіяў прыходзілі супрацоўнікі міліцыі і сілай выдалялі назіральнікаў з участку. А матывацыя была звычайная — перашкаджае дзейнасьці камісіяў.
Таму я магу меркаваць, што ўлады скарыстаюць гэта дзеля пазбаўлення акрэдытацыі некаторых назіральнікаў. І тыя больш ужо не змогуць трапіць на ўчасткі і зноў весці назіранне. Таму гэта — нядобры крок».
Артыкулы па тэме