11 жніўня ў Мінску былі затрыманыя пяцёра моладзевых актывістаў: Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Вячаслаў Касінераў, Яраслаў Ульяненкаў і грамадзянін Расійскай Федэрацыі Павел (прозвішча не вядомае). Двое апошніх былі пазней вызваленыя пад падпіску аб нявыездзе, а ў дачыненні да астатніх была абраная мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай да прад’яўлення абвінавачвання. Адзін з затрыманых знаходзіцца пад вартай у шпіталі, у які ён быў змешчаны з падвойным пераломам сківіцы пасля затрымання супрацоўнікамі МУС.

Падставай для крымінальнага пераследу і змяшчэння пад варту да прад’яўлення абвінавачванняў дадзеных маладых людзей стала ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце нанясення графіці палітычнага зместу на плоце ды па факце псавання маёмасці індывідуальнага прадпрымальніка (біг-борда з выявай супрацоўнікаў міліцыі) па вул. Гарэцкага ў г. Мінску. Цяпер актывісты падазраваныя па крымінальнай справе за нанясенне патрыятычных графіці, якія «груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць відавочную непавагу да грамадства». На графіці былі напісаныя словы «Беларусь мае быць беларускай».

32-гадовы Яраслаў Ульяненкаў, якога адпусцілі пасля затрымання, паведаміў, што затрыманне праходзіла вельмі жорстка: “Гэта былі людзі ў масках, з пісталетамі. Іх было чалавек 5—6. Скруцілі мяне, пачалі крычаць: «Тварам у падлогу, рукі за спіну. Адзелі кайданкі на рукі, пасля чаго пачалі біць. Білі ў рэбры, у твар, па нагах. Калі я ляжаў, сталі вучыць: «Ты што, самы разумны? Чаму не адмыкаеш, калі табе званілі? Хочаш у дрэннага хлопчыка пагуляць, а мы любім дрэнных хлопчыкаў. Яшчэ некалькі разоў далі аплявуху”. Яраслаў таксама адзначыў, што на яго ціснуць праз ягоную цяжарную дзяўчыну:  «Яшчэ пры затрыманні на мяне ціснулі, казалі, што мы ведаем аб тваёй цяжарнай дзяўчыне, ведаем, што яна ў Магілёве. На мой погляд, спрабуюць здзейсніць псіхалагічны ціск на маю дзяўчыну, каб яна пераканала мяне даць паказанні, здаць хлопцаў. Але ж па факце няма каго здаваць, няма за што».

У сувязі з гэтым Праваабарончы цэнтр “Вясна” адзначае наступнае:

Напісанне графіці с надпісам “Беларусь мае быць беларускай” з выявай беларускага арнаменту, перакрэсленых свастыкі і сярпа з молатам, а таксама з надпісам “Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…” з выявай чалавека з бутэлькай у руце, не маюць на мэце парушэння грамадскага парадку і не выказваюць яўнай непавагі да грамадства, не ўтрымліваюць прапаганду нацыянальнай, рэлігійнай, расавай, сацыяльнай ці іншай варожасці. Характар і змест учыненых надпісаў сведчыць аб адсутнасці хуліганскіх матываў у дзеяннях асобаў, якія іх учынілі і, адпаведна, аб адсутнасці складу злачынства, прадугледжанага ч. 2. арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь.

Раследванне крымінальнай справы, узбуджанай па прыкметах арт. 341 КК Рэспублікі Беларусь, павінна адбывацца ў межах, вызначаных Крымінальным і Крымінальна-працэсуальным кодэксамі Рэспублікі Беларуь з улікам таго, што дадзенае злачынства адносіцца да катэгорыі злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі і не прадугледжвае магчымасці ўтрымання пад вартай падазраваных у яго здзяйсненні. Акрамя таго, пытанне аб кампенсацыі нанеснай шкоды можа быць разгледжаны ў грамадзянска-прававым парадку.

Дзеянні супрацоўнікаў МУС, якія ажыцяўлялі затрыманне ўказаных асобаў з выкарыстаннем фізычнай сілы і спецсродкаў, насілі відавочна непрапарцыйны і жорсткі характар і прычынілі фізічныя пашкоджанні затрыманым.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” заяўляе, што:

утрыманне М. Пякарскага і В. Жаромскага пад вартай па падазрэнні ў здзяйсненні імі злоснага хуліганства з’яўляецца незаконнай і непрапарцыйнай мерай;

утрыманне пад вартай М. Пякарскага і В. Жаромскага ажыцяўляецца пры адсутнасці складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт. 339 КК у іх дзеяннях;

наяўнасць палітычных матываў у дзеяннях органаў дзяржаўнай улады, скіраваных на ўмацаванне ўлады суб’ектамі ўладных паўнамоцтваў, дазваляюць кваліфікаваць М.Пякарскага і В. Жаромскага як палітычных зняволеных;

гэтыя дзеянні ўладаў адбываюцца ў перыяд правядзення прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, носяць дэманстратыўны харакар і відавочна маюць на мэце прадухіленне магчымых акцый грамадзянскай актыўнасці, асабліва ў моладзевым асяродку.

Правабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе:

неадкладна перагледзіць прынятыя ў дачыненні да М. Пякарскага і В. Жаромскага працэсуальныя меры, скіраваныя на іх ізаляцыю, і вызваліць іх з-пад варты;

спыніць крымінальны пераслед М.Пякарскага, В. Жаромскага, В.Касінерава, Я. Ульяненкава па ч. 2 арт. 339 КК Рэспублікі Беларусь у сувязі з адстутнасцю складу дадзенага злачынства ў іх дзеяннях;

гарантаваць выкананне ўсіх працэсуальных правоў на перыяд вядзення раследвання, у тым ліку права на абарону і свабоду ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжання;

правесці належнае раследванне фактаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання ў дачыненні да затрыманых і прыцягнуць вінаватых да ўстаноўленай законам адказнасці.

Documents: