Перад мерапрыемствам удзельнікі Місіі сустрэліся з міністрам замежных спраў Літвы, якая цяпер старшынюе ў АБСЕ.  

«Той вал рэпрэсій і ўся тая атмасфера рэпрэсій не спыняецца, не памяншаецца і штодня мае працяг, – паведаміў старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак. – У размове з міністрам мы падкрэслілі важнасць забеспячэння ўмоў для журналістаў, праваабаронцаў, адвакатаў і іншых, хто выконвае свой прафесійны абавязак». 

Таксама праваабаронца падкрэсліў важнасць візавых палёгак для ўезду беларусаў у краіны Еўразвязу.  

Патрэбен спецдакладчык
У Літву праваабаронцы прывезлі, як сказаў кіраўнік Місіі, расейскі праваабаронца Андрэй Юраў, «вялікі пакет тэхнічных прапаноў. У рамках механізмаў АБСЕ важным уяўляецца прызначэнне спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі», – сказаў ён.  

А.Гулак таксама пацвердзіў, што Беларусь мае патрэбу ва ўзмацненні міжнароднай прысутнасці, якая пасля закрыцця офіса місіі АБСЕ ў Мінску практычна зведзеная да нуля. Міжнародная няўрадавая місія Камітэта стала практычна адзіным прадстаўніцтвам па маніторынгу сітуацыі і перадачы інфармацыі міжнароднай грамадскасці.

Пры гэтым як мага хутчэй трэба дамагацца спынення рэпрэсій і нармалізацыі сітуацыі ў Беларусі, яе вяртання ў прававыя рамкі. У дачыненні да дзесяткаў людзей, якія знаходзяцца ў засценках КДБ, неабходныя аператыўныя механізмы дапамогі:

«Як мінімум патрэбная магчымасць сустрэцца з гэтымі людзьмі, каб зразумець, у якім яны здароўі. Адвакатам трэба даць магчымасць вольна працаваць,» – зазначыў А.Гулак.

Асцярожна, санкцыі!
Да эканамічных санкцый супраць рэжыму беларускія праваабаронцы не заклікаюць.  

«Зман – думаць, што, маўляў, увядзем санкцыі – і краіна перастане жыць пры дыктатуры. Я ў гэтым не перакананы. Эфектыўней санкцыямі пагражаць, а не прымяняць. Самі па сабе пакаранні нікога яшчэ не выпраўлялі», – сказаў праваабаронца.

Ён адзначыў, што «горш можа быць заўсёды».  

Аднак А.Гулак заклікаў увесці візавыя санкцыі ў дачыненні да асобаў, датычных да рэпрэсій, аднак не да чальцоў іх сем’яў: «З гледзішча помсты гэта зразумела, але для мяне, як праваабаронцы, непрымальнае стасаванне санкцый ў дачыненні да людзей, якія самі ў парушэннях невінаватыя».  

Маральная падтрымка таксама важная
Камітэт міжнароднага кантролю стварыўся як аператыўная рэакцыя міжнарожнай грамадзянскай супольнасці на брутальны разгон мірнай дэманстрацыі ў Мінску пасля сфабрыкаваных прэзідэнцкіх выбараў. 

«Мы спрабуем не пакідаць праваабаронцаў Беларусі сам-насам з рэжымам, аказваць ім хаця б маральную падтрымку», – гаворыць кіраўнік назіральнай місіі Камітэта Андрэй Юраў з Расеі.

Цяпер фінансавую падтрымку Камітэту аказвае і Фундацыя ДПЧ, аднак стварыўся ён на пачатку як спантанная рэакцыя салідарных людзей без усялякіх вонкавых рэсурсаў на тое, што адбываецца ў Беларусі, адзначыў А.Юраў. «У гэтым сэнсе гэта ўнікальная міжнародная грамадзянская ініцыятыва. Місію давялося стварыць на роўным месцы, аднак важна тое, што мы, як замежнікі, можам смела агучваць тое, што для нашых беларускіх калегаў агучваць было б небяспечна. Таму стала ясна, што прысутнасць міжнародных назіральнікаў як з Усходняй, так і з Заходняй Еўропы з’яўляецца важкім фактарам», – дзеліцца думкамі праваабаронца.

На прэс-канферэнцыі расейскія грамадскія дзеячы выказалі павагу да людзей у Беларусі, якія паспрабавалі выказаць сваё пачуццё свабоды і справядлівасці, пасля чаго адбыліся, са словаў А.Юрава, «трагічныя падзеі не толькі для Беларусі, але і для ўсёй прасторы як мінімум Усходняй Еўропы, якія сведчаць аб сумных працэсах адкату назад нашых урадаў у сваім стаўленні да грамадзян».

Назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю працягвае працу ў Мінску, дзе займаецца маніторынгам судоў, фіксаваннем фактаў ціску на журналістаў, праваабаронцаў, актывістаў і інш. і перадачай гэтай інфармацыі міжнароднай грамадскасці.