Супрацоўнікі праваахоўных ворганаў рэгулярна затрымліваюць грамадскіх актывістаў за распаўсюд на вуліцах беларускіх гарадоў няўрадавай прэсы. Гэтак, 9 снежня ў Берасці міліцыянты арыштавалі трох сябраў арганізацыі “Малады Фронт”, якія раздавалі мінакам старыя нумары зарэгістраванай газеты “Народная воля”. 11 снежня ў Астравецкім райвыканкаме (Гродзенская вобласць) затрымалі і склалі пратакол на мясцована актывіста Івана Крука. Падставай для затрымання стаўся асобнік зарэгістраванай газеты “Новы Час”, які Крук быў прынес чыноўнікам дзеля азнаямлення. На наступны дзень, 12 снежня, у Менску міліцыянты двойчы арыштоўвалі актывістаў “Маладога Фронту”: хлопцы раздавалі мінакам свае арганізацыйныя выданні.
12 снежня Іўеўскі раённы суд паўторна разгледзеў справу аб прызнанні экстрэмісцкім жнівеньскага нумару няўрадавай газеты “Свабода”. У выніку, заяву начальніка ўпраўлення КДБ па Гарадзенскай вобласці Ігару Сяргеенку пакінулі без разгляду: экстрэмісцкіх публікацый у газеце па-ранейшаму не выяўлена.
У гэты ж дзень, 12 снежня, у менскім клубе “Акварыюм” павінна была адбыцца ўрачыстая вечарына з нагоды першай гадавіны вяшчання спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”. Аднак, як паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналіста, нечакана напярэдадні імпрэзы клуб быў зачынены і ачэплены міліцыяй. У тэміновым парадку арганізатарам давялося пераносіць урачыстасці ў сталоўку непадалёк. У час імпрэзы бліжэйшыя тэрыторыі знаходзіліся пад узмоцненым наглядам супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў.