Усе пункты па Беларусі ў дакуменце захаваныя, у той час як усе папраўкі аб іх выключэнні з рэзалюцыі, якія прапаноўвала прыняць беларуская дэлегацыя, адхіленыя падчас галасавання.
У дакуменце выказваецца шкадаванне з нагоды таго, што “парушэнні правоў чалавека ў Беларусі па-ранейшаму носяць сістэмны і структурны характар, пра што наглядна сведчыць цэнтралізацыя заканадаўчай і выканаўчай улады ў руках прэзідэнта, чые ўказы з`яўляюцца асноўным заканадаўчым механізмам у краіне, што падрывае ролю парламента”.
ПА АБСЕ таксама шкадуе ў сувязі з тым, што “выбары ў Беларусі, уключаючы прэзідэнцкія выбары ў кастрычніку 2015 года і парламенцкія выбары ў верасні 2016 года, не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі”.
У рэзалюцыі выказваецца шкадаванне “з нагоды ўвядзення абмежаванняў на свабоду сходаў, уключаючы амаль фактычную забарону на правядзенне пікетаў, дэманстрацый і мітынгаў прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных груп у Беларусі”.
Акрамя таго, ПА АБСЕ выказвае “глыбокае шкадаванне з нагоды адсутнасці свабоды СМІ ў Беларусі, уключаючы павелічэнне колькасці выпадкаў уціску журналістаў, законы, якія абмяжоўваюць свабоду эфірнага вяшчання і інтэрнэту, а таксама выбарачнае ўжыванне правасуддзя ў дачыненні да незалежных журналістаў”.
Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікае ўрад Беларусі “неадкладна і безумоўна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку ўмоўна асуджаных і абмежаваных ў свабодзе руху асоб, а таксама забяспечыць іх поўнае аднаўленне ў грамадзянскіх і палітычных правах”.
ПА АБСЕ “асуджае нядаўнія масавыя арышты ў Беларусі і парушэнні ўладамі права на дэманстрацыі; прыняцце ў Беларусі цэлай серыі рэпрэсіўных законаў, якія абмяжоўваюць асноўныя правы на свабоду сходаў, выказвання меркаванняў і асацыяцыі і прадугледжваюць дадатковыя паўнамоцтвы, а таксама вызваленне ад судовага пераследу супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі (КДБ)”.
Рэзалюцыя заклікае ўлады Беларусі выконваць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы ў дачыненні да прафсаюзаў і прадастаўляць працоўным, уключаючы работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў, магчымасць свабодна звальняцца з працы.
ПА АБСЕ таксама заклікае ўлады адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, у якім прадугледжана пакаранне ў выглядзе турэмнага зняволення тэрмінам да двух гадоў за “дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі” і якая парушае права на свабоду асацыяцыі і іншыя прынятыя ў рамках АБСЕ.
Рэзалюцыя “настойліва заклікае ўрад Беларусі да захавання сваіх абавязацельстваў у межах АБСЕ ў дачыненні да свабоды сходаў і свабоды выказвання меркаванняў і да лібералізацыі заканадаўства і практыкі, падаўшы грамадзянам права на выказванне грамадскага пратэсту як у інтэрнэце, так і па іншых каналах”.
ПА АБСЕ заклікае ўрад Беларусі “неадкладна адклікаць усе вынесеныя прысуды да смяротнага пакарання і прыступіць да працы па яго адмене”, а таксама “прыняць неабходныя меры для забеспячэння свабодных і сумленных будучых выбараў, у тым ліку да, падчас і пасля іх правядзення”.
Аўтар рэзалюцыі — шведскі дэпутат Крысціян Хольм-Барэнфельд.
Артыкулы па тэме