Аляксандр быў асуджаны на тры гады зняволення  разам з анархістамі  Ігарам Аліневічам і Мікалаем Дзядком – двумя іншымі фігурантамі “справы анархістаў”. «Справа беларускіх анархістаў» была заведзена пасля нападу на расійскае пасольства ў Мінску 30 жніўня 2010 года, калі быў закінуты кактэйль Молатава ў машыну, прыпаркаваную на стаянцы ля дыпламатычнага прадстаўніцтва Расійскай Федэрацыі у Беларусі. Гэта была своеасаблівая акцыя салідарнасці з расійскімі палітычнымі зняволенымі, пратэст супраць рэпрэсій у Расіі. Сама акцыя прывяла не да вызвалення актывістаў суседней краіны, а да пераследу ўжо беларускіх анархістаў.  Аляксандра абвінавацілі ў падпале шэрагу дзяржаўных устаноў, а таксама ва ўзломе сайта Наваполацкага гарвыканкама.  На судзе сваёй віны ён не прызнаў.

Палітвязень быў вызвалены раніцай  3-га верасня. З сабой з зоны ён узяў толькі пакет з лістамі. Каля сцен калоніі Францкевіча сустркалі мама, некалькі сяброў і паплечнікаў.

Пасля вызвалення над ім усталяваны нагляд на паўгады. Па словах маці актывіста, адміністрацыя калоніі прасіла два гады нагляду, але суддзя дала паўгады.

Падчас зняволення Аляксандр Францкевіч падзвяргаўся ціску з боку адміністрацыі калоніі, некалькі разоў яму прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні. Аляксандр прызнаўся, што ад яго патрабавалі сведчыць супраць анархіста Мікалая Дзядка: “Калі б я даў паказанні, то быў бы перакваліфікаваны з абвінавачанага ў сведку, мне пра гэта казалі простымі словамі. КДБ хацела мець сваіх агентаў уплыву ў анархісцкім асяроддзі. Пасля 3 верасня 2010 іх не цікавіла, хто кідаў кактэйлі Молатава ў Міністэрства абароны, іх цікавілі агульныя звесткі пра анархісцкі рух, колькі там людзей, чаго яны дабіваюцца”.

Як і іншыя палітвязні, ён быў прызнаны злосным парушальнікам рэжыму, за што яго неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар.

Палітвязень прызнаўся, што самым цяжкім у зняволенні было назіраць за падзеямі, якія адбываліся ў 2010-2011 гадах на волі – у тым ліку за тэрактам у метро і разгонам маўклівых акцый. Ён кажа, што працягне удзельнічаць у анархісцкім руху і распавядае, чаму не пісаў прашэнні аб памілаванні: «Калі чалавек мае моцныя перакананні, яго цяжка зламіць». З’язджаць з краіны Францкевіч не збіраецца.

***
Аляксандр нарадзіўся 6 мая 1990 г. у Наваполацку. Пасля сканчэння ліцэя працаваў праграмістам. Пазней пераехаў жыць і працаваць у Мінск. Далучыўся да руху анархістаў.

На дадзены момант за кратамі знаходзіцца яшчэ  9 палітзняволеных: Эдуард Лобаў, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец; Алесь Бяляцкі; Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч; Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка; Мікалай Аўтуховіч.

Павел Севярынец мусіць выйсці на волю наступным: 19 кастрычніка 2013 г.

Артыкулы па тэме

Палітвязень Зміцер Дашкевіч на волі

Беларусу пагражае зняволенне за дабрачыннасць

Алесь Бяляцкі: 2 гады адвольнага арышту ў Беларусі