Суддзя Вярхоўнага суду Ігар Мільто прыйшоў да высновы, што Міністэрства юстыцыі слушна адмовіла ў рэгістрацыі праваабарончаму аб’яднанню, паколькі мелі месца недакладнасці ў спісах заснавальнікаў, а ў пратаколе ўстаноўчага сходу не быў зафіксаваны механізм абрання старшыні і сакратара сходу.

Апроч таго, ў плацёжным дакуменце аб аплаце дзяржаўнай пошліны адсутнічала назва арганізацыі. Усе астатнія падставы, якія вылучыў раней Мін’юст, аргументуючы сваё рашэнне, Вярхоўны суд палічыў юрыдычна неправамоцнымі.

Суд адзначыў, што аргумент заяўнікаў аб тым, што вышэйуказаныя недахопы маглі быць выпраўленыя ў працэсе рэгістрацыі, з’яўляюцца неабгрунтаванымі, паколькі прадстаўленне адтэрміноўкі ў рэгістрацыі з’яўляецца правам, а не абавязкам рэгіструючага органа.

Вярхоўны суд таксама аспрэчыў аргументы прадстаўніка Мін’юста, які сцвярджаў, што ўстаноўчы сход “Нашай Вясны” не мог адбыцца, бо памяшканне штаб-кватэры АГП для яго “зацеснае”.

Адзін з сузаснавальнікаў ГПА “Наша Вясна”, праваабаронца В. Стэфановіч заявіў, што “праваабаронцы не згодныя з такім рашэньнем Вярхоўнага суду  і будуць абскарджваць яго ў парадку нагляду на імя старшыні Вярхоўнага суду.

В. Стэфановіч зазначыў: “Мы не згодныя з гэтым рашэннем, паколькі ў Законе “Аб грамадскіх аб’яднаннях” утрымліваецца дакладны і вычарпальны пералік падставаў для прыняцця рашэння аб адмове ў рэгістрацыі. Пры стварэнні ГПА “Наша Вясна” намі не было дапушчана такіх парушэнняў. Адпаведна, рэгіструючы орган мусіў прадаставіць адтэрміноўку для выпраўлення адзначаных недахопаў”.

На гэтым тыдні будуць у трэці раз пададзеныя дакументы для рэгістрацыі ГПА “Наша Вясна” . У выпадку чарговай адмовы у рэгістрацыі, праваабаронцы прынялі рашэнне больш не звяртацца ў Мін’юст для рэгістрацыі свайго аб’яднання.

“Калі дзяржава ў асобе Міністэрства юстыцыі не гатовая, не хоча ці не можа рэгістраваць праваабарончыя арганізацыі, то гэта застаецца праблемай самой дзяржавы. Праваабарончай дзейнасцю мы можам займацца і без дзяржаўнай рэгістрацыі. Гэта нашае законнае права, гарантаванае нам Канстытуцыяй краіны і міжнарожнымі нормамі ў галіне правоў чалавека,” – казаў В. Стэфановіч.