27 ліпеня ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 19 скончылася трохдзённае спатканне палітвязня Сяргея Каваленкі з жонкай Аленай і сынам Валянцінам. Спадарыня Алена, выйшаўшы з вязніцы, распавяла, што муж напісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, якое складалася з аднаго радка: «Прашу мяне памілаваць».
Прашэнне напісана пад ціскам
Як паведаміла Алена Каваленка, прашэнне аб памілаванні муж напісаў пад ціскам супрацоўнікаў калоніі. Гэты ціск пачаўся, калі ён быў у карцэры, дзе ўмовы ўтрымання былі невыносна цяжкія.
«Яго кінулі ў камеру, у якой, каб сагрэцца, даводзілася рабіць пастаянна фізічныя практыкаванні. Па некалькі разоў на дзень да яго прыходзілі турэмшчыкі і патрабавалі прашэння і пакаяння», — заяўляе Алена Каваленка.
Алена Каваленка адзначыла, што ціск на Сяргея не спыняўся: «Ціснулі дзецьмі, зразумела. Сяргей дужа непакоіцца за сына. І гэта самае балючае ягонае месца, на якое яны націснулі».
Акрамя таго, супрацоўнікі калоніі дакаралі Каваленку, што з-за яго іх пазбаўляюць розных даплат да той пары, пакуль ён не напіша прашэнне. У выніку, Сяргей напісаў прашэнне аб памілаванні 25 чэрвеня.
Алена Каваленка працягвае: «Адміністрацыя калоніі гарантавала, што ён выйдзе яшчэ да 3 ліпеня і пойдзе да жонкі і дзяцей. Мінуў месяц, але нічога не змяняецца. Зразумела, тым людзям надта цяжка верыць, і верыць нельга, бо ад іх нічога не залежыць. Ад іх таго патрабуюць. Іх можна хіба пашкадаваць, бо яны слабыя людзі, якія залежаць ад сістэмы».
Алена Каваленка: «Зразумела, што героямі не выпускаюць. Ім трэба спачатку чалавека дыскрэдытаваць»
Алена Каваленка заяўляе, што падтрымлівае мужа ў рашэнні напісаць прашэнне аб памілаванні:
«Дай бог, каб гэта паспрыяла таму, каб ён хутчэй выйшаў. Ён патрэбны больш сям’і, дзецям, грамадству на волі. Зразумела, што героямі не выпускаюць. Ім трэба спачатку чалавека дыскрэдытаваць. Зрабіць выгляд, што яны яго так ці інакш зламалі. Хоць гэта не так. Сяргей казаў, што яму дужа цяжка ўсё гэта далося. Цяпер ён разумее, што галоўнае ў жыцці — гэта сям’я. Час праходзіць. Дачка яго не пазнала. Сыну вельмі цяжка».
Таксама Алена Каваленка зазначыла, што ў мужа сур’ёзныя праблемы са здароўем: баляць пячонка ды селязёнка. Лекі, якія прывезлі ў калонію на спатканне, перадаць не дазволілі. Не дазволілі, паведаміла спадарыня Алена, і аддаць трыццаць кілаграмаў харчоў — толькі пяць садавіны ды гародніны. Патлумачылі тым, што ён злосны парушальнік.
Як паведаміў бацька Сяргея Аляксандр Каваленка, статус злоснага парушальніка рэжыму ягоны сын атрымаў за тое, што не ў час лёг на ложак і адмовіўся мыць прыбіральню. Сярод асуджаных мыць прыбіральню лічыцца зняважлівай працай, таму ён адмовіўся яе выконваць.
Паводле спадара Аляксандра, палітвязень не спадзяецца на хуткае вызваленне, бо для гэтага трэба хадайніцтва адміністрацыі калоніі. «А яго Сяргей не чакае, бо яго зрабілі злосным парушальнікам», — зазначыў Аляксандр Каваленка.
***
Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка пакараны зняволеннем у 2 гады і месяц за парушэнне рэжыму адбыцця хатняй «хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны на гарадской навагодняй ёлцы ў 2010 годзе. Пратэстуючы супраць прысуду, актывіст трымаў галадоўку са снежня 2011 года да пачатку красавіка з перапынкам на 20 дзён у студзені-лютым. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Сяргея Каваленку палітвязнем і дамагаюцца ягонага вызвалення.
Артыкулы па тэме
Палітвязень Каваленка не можа дасылаць лісты на волю
Паводле турэмнага лекара, Сяргей Каваленка мае «скрайнюю ступень абяссілення»