Паводле міністра інфармацыі Беларусі Алега Праляскоўскага (на фота), тэракт у мінскім метро, што адбыўся 11 красавіка і забраў жыцці 14 чалавек, падзяліў СМІ “не паводле прынцыпу дзяржаўныя і прыватныя, а на прыстойных і непрыстойных”.
“Тое, што яны асмеліліся дапамагаць некаторым палітыкам скакаць на касцях пасля тэракту – прабачэння такім рэчам ня будзе,” – сказаў міністр.
Праляскоўскі заявіў, што міністэрства інфармацыі падало зыскавыя заявы ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненні выпуску “Нашай Нівы” і “Народнай Волі” за некарэктнае асвятленне тэракту ў мінскім метро, адзначыўшы, што гэта «права міністэрства і мая, як міністра, асабістая пазіцыя».
У сваю чаргу галоўныя рэдактары газет, што аказаліся пад пагрозай закрыцця, не губляюць аптымізму.
Галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Скурко (на фота) ў гутарцы з «Еўрарадыё» падзяліўся сваім меркаваннем пра сітуацыю з закрыццем газет: «Я думаю, што газета будзе выходзіць далей. Думаю, што не дойдзе да брутальнага закрыцця двух буйнейшых незалежных газет. Бо для ўладных структур кантролю за полем СМІ — гэта шлях у нікуды».
Галоўны рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч (на фота) таксама глядзіць на сітуацыю даволі аптымістычна: «Падпольна, не падпольна, але газета будзе выдавацца. Пакуль мы жывыя, „Народная воля“ будзе выходзіць…», – заявіў ён.
БАЖ пратэстуе
“Беларуская асацыяцыя журналістаў” заклікала чытачоў і ўсіх неабыякавых людзей накіроўваць у Міністэрства інфармацыі звароты з просьбай адклікаць судовы пазоў. Вось як гэта тлумачыць юрыст БАЖу Андрэй Бастунец: «Фармальна ў газет хапае папярэджанняў, каб суд, не ўнікаючы ў сутнасць справы, задаволіў зыскі Мінінфармацыі. Таму спыніць драматычнае развіццё падзеяў ёсць шанец толькі праз адкліканне зваротаў у суд».
Намеснік старшыні БАЖ Андрэй Аляксандраў заявіў:
“Мы рашуча пратэстуем супраць карных захадаў з боку Міністэрства інфармацыі. Выказваем сваю салідарнасць і падтрымку нашым калегам з „Народнай волі“ і „Нашай Нівы“. Мы разам зробім усё магчымае, каб Беларусь не страціла гэтыя свабодныя галасы, якія шмат у чым з’яўляюцца знакавымі для ўсёй нацыі. Але баюся, што адстаяць выданні будзе немагчыма без моцнай падтрымкі з боку грамадства, якая зараз вельмі патрэбная.
Адметна, что цяперашняя спроба закрыць два незалежныя выданні адбываецца на фоне негатыўных працэсаў у эканоміцы, палітычных працэсаў супраць апанентаў рэжыму, на фоне расследавання гучнай справы аб тэракце ў сталічным метро. Таму ўлады так намагаюцца задушыць свабоду слова ў краіне — бо палітыка татальнага кантролю над грамадскай думкай фактычна з’яўляецца асновай цяперашняга рэжыму ў краіне».
АБСЕ бачыць пагрозу плюралізму
Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі, Дуня Міятавіч, выказала трывогу наконт пазоваў, пададзеных беларускім Міністэрствам інфармацыі, накіраваных на закрыццё газет “Наша Ніва” і “Народная воля”.
“Гэты крок з боку беларускага ўрада, накіраваны на тое, каб прымусіць замаўчаць нешматлікія крытычныя галасы будзе і далей вынішчаць плюралізм сродкаў масавай інфармацыі ў краіне”, – заявіла Міятавіч.
Яна таксама падкрэсліла, што працягваецца наступ на незалежныя сродкі масавай інфармацыі пасля снежаньскіх выбараў, што парушае асноўныя абавязацельствы АБСЕ па свабодзе СМІ і з’яўляецца непрымальным ў дзяржавы-ўдзельніцы АБСЕ.
Праваабарончая арганізацыя “Рэпарцёры без межаў” асудзіла пазовы Міністэрства інфармацыі Беларусі ў Вышэйшы гаспадарчы суд аб спыненні выпуску газэт “Наша Ніва” і “Народная воля”.
“Рэпарцёры без межаў” заклікаюць Вышэйшы гаспадарчы суд адмовіць у задавальненьні пазову і падкрэсліваюць, што закрыццё гэтых газет будзе “надзвычай жорсткім рашэньнем”, бо “страта выданняў, чый наклад складае амаль палову агульнага накладу ўсёй незалежнай прэсы, будзе фатальным ударам па і так вельмі абмежаваным плюралізме беларускіх СМІ” .
Праваабарончая арганізацыя неаднаразова асуджала беларускі закон аб СМІ, які “выкарыстоўваецца ў якасці асноўнага інструмэнта для ціску на незалежную прэсу”.
***
Наша Ніва – была ўтвораная ў 1906 годзе і з’яўляецца найстарэйшай газетай на беларускай мове. У лістападзе 2005 году «Наша Ніва», разам з шэрагам іншых недзяржаўных выданняў, была выдаленая з падпіснога каталогу “Белпошта” і забароненая для продажу ў кіёсках “Белсаюздрук”. З 2008 году продаж і распаўсюд праз “Белпошту” і “Белсаюздрук” быў узноўлены. 14 і 19 красавіка 2011 Міністэрства інфармацыі вынесла газеце папярэджанні, 18 красавіка папярэджанне было вынесена галоўнаму рэдактару «Нашай Нівы» Андрэю Скурко.
Народная воля — беларуская грамадска-палітычная газета, выдаецца з ліпеня 1995 году на беларускай і рускай мовах. У 2005 годзе была выдаленая з падпіснога каталогу “Белпошта” і забароненая для продажу ў кіёсках “Белсаюздрук”. З 2008 году продаж і распаўсюд праз “Белпошту” і “Белсаюздрук” быў узноўлены. 14 студзеня 2011 году газеце было вынесена папярэджанне за артыкул Любові Лунёвай «Хто пачуе лозунг „Сыходзь!“?»
Артыкулы па тэме
Улады Беларусі пераблыталі праваабаронцаў з тэрарыстамі
Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае "зачыстку па ўсіх кірунках"