У мерапрыемствах канферэнцыі бяруць удзел больш за тысячу прадстаўнікоў НГА і дзяржаў-чальцоў АБСЕ.
Прадстаўнікі праваабарончых і няўрадавых арганізацыяў азнаёмілі ўдзельнікаў нарады з сітуацыяй адносна свабоды асацыяцыяў у Беларусі. Яны расказалі аб практыцы выкарыстання рэпрэсіўнага артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу ў дачыненні да сяброў незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў.
Дарэчы, Сетка Дамоў правоў чалавека поруч з Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў і шэрагам іншых структур грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і за яе межамі ўдзельнічае ў кампаніі за скасаванне артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу РБ – артыкула, які трактуе як злачынства практычна любую самастойную ініцыятыву грамадзянаў. Артыкул 193.1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі прадугледжвае адказнасць за дзейнасць незарэгістраванага аб’яднання, рэлігійнай арганізацыі альбо фонда – да 2-х гадоў турмы.
З дакладам на гэтую тэму выступіў юрыст Валянцін Стэфановіч. Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі распавёў:
“Валянцін Стэфановіч канкрэтна гаварыў пра сітуацыю з рэгістрацыяй “Нашай вясны”. Ён казаў, што ўжо трэці раз Міністэрства юстыцыі адмаўляе ў рэгістрацыі, што гэта грубае парушэнне з боку беларускага ўраду міжнародных абавязкаў і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусі. Прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў закраналіся яшчэ такія тэмы, як існаванне рэпрэсіўнага, карнага артыкулу ў Крымінальным кодэксе, які тычыцца працы ад імя незарэгістраваных арганізацыяў. Для няўрадавых арганізацыяў у гэтых штогадовых сустрэчах важна тое, што мы маем права выступаць нароўні з прадстаўнікамі дзяржавы”.
Думаюць аб скасаванні карнага артыкулу
Разам з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў з Беларусі ў канфэрэнцыі АБСЭ ўдзельнічаюць і прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі.
“Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі афіцыйна заявіў, што цяпер Мін’юст разглядае пытанне ўнясення зменаў у Крымінальны кодэкс, яго перафарматавання, – расказаў Алесь Бяляцкі. – Адказнасць за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі будзе перанесеная ў Адміністрацыйны кодэкс”.
Падчас канферэнцыі АБСЭ дэлегацыя Асамблеі няўрадавых арганізацыяў паўдзельнічае ў шэрагу прэзентацыяў, прысвечаных сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. У прыватнасці, 8 кастрычніка адбудзецца абмеркаванне ролі грамадзянскай супольнасці ў дыялогу паміж Беларуссю і Еўразвязам.
Нагадаем, што нарада АБСЭ ў пытаннях чалавечага вымярэння – рэгулярны прадстаўнічы форум дзяржаў-чальцоў АБСЭ і еўрапейскай грамадзянскай супольнасці. Падчас канферэнцыі цягам двух тыдняў аналізуецца стан выканання абавязкаў, якія дзяржавы прынялі на сябе ў рамках АБСЭ.
Добрая практыка для нашых праваабаронцаў
У гэтым годзе ўдзельнікамі нарады сталі і слухачы другога набору праграмы “Імплементацыя de-facto міжнародных абавязкаў Рэспублікі Беларусь у сферы абароны правоў чалавека”, якая праводзіцца Беларускім Домам правоў чалавека (Вільня): Аляксандра Васілевіч, сябра рады ГІ “Гомельскі дэмакратычны форум” Андрэй Стрыжак і сябра ПЦ “Вясна” (г. Бабруйск) Сяргей Хадзько.
Удзельнікі мяркуюць, што ўдзел у нарадзе стаў для іх практычнай рэалізацыяй атрыманых у ходзе праграмы ведаў пра міжнародныя абавязкі Беларусі ў галіне правоў чалавека і даў ім магчымасць “выступіць з крытычнымі выказваннямі наконт недастатковых дзеянняў уладаў дзеля дэмакратызацыі”.
Яны зазначаюць, што асабліва важнай, на іх думку, з’яўляецца магчымасць у рамках нарады распавесці непасрэдна прадстаўнікам улады пра такія праблемы, як парушэнне права на свабоду мірных сходаў і стварэнне асацыяцыяў, пра праблему крымінальнага пераследу для сябраў незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў, пра праблему бяспекі працы праваабаронцаў і шматлікія іншыя складанасці, з якімі сутыкаюцца беларускія НГА.