Актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Моўчана затрымалі 19 траўня, калі ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг на знак салідарнасці з вязнем-галадоўнікам Сяргеем Каваленкам і пачаў рухацца па вуліцы. Ніякіх лозунгаў актывіст не выкрыкваў.

Праз некалькі хвілін да яго пад’ехала машына з супрацоўнікамі міліцыі, якія папрасілі яго прайсці з імі. Моўчан паспрабаваў удакладніць, з якой нагоды яго затрымліваюць, пасля чаго яго пачалі сілком заштурхоўваць у машыну без тлумачэння прычыны затрымання. Андрэй супраціўляўся, і міліцыянты ўжылі грубую сілу. Пакуль яго збівалі проста на вуліцы, пад’ехала другая машына. Андрэя пасадзілі ў машыну ў кайданках. Збіццё працягвалася і ў машыне. Па папярэдняй выснове лекара, у Моўчана чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.

Калі актывіст знаходзіўся ў аддзяленні міліцыі, яму сказалі, што супраць яго збіраюцца ўзбуджаць крымінальную справу па артыкулах за абразу прэзідэнта і збіццё супрацоўніка міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў.

На дадзены момент Андрэй знаходзіцца ў шпіталі. «Уначы не мог заснуць. Зараз адчуваю сябе крыху лепей. Але ўсё роўна баліць галава ды і ўсё астатняе. Абход лекараў сёння ўжо быў. І мне сказалі, што трэба рабіць даследаванне галавы», — распавёў пра свой стан Моўчан.

Міліцыянтам давядзецца адказваць за свае ўчынкі
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павел Юхневіч лічыць, што ніякая крымінальная справа ў адносінах да Андрэя Моўчана не будзе распачатая. Па словах Юхневіча, міліцыянты надта брутальна затрымалі актывіста, і цяпер ім, напэўна, давядзецца даваць тлумачэнні ў пракуратуры. Таму яны паспрабуюць «забыцца» пра інцыдэнт. Павел Юхневіч падкрэсліў, што праводзілася экспертыза, якая пацвердзіла, што Моўчан на момант затрымання быў цвярозым.

Прэс-сакратар ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі заявіў, што не мае «ніякай інфармацыі» наконт справы Моўчана. 

Пасля выпіскі з бальніцы Андрэй Моўчан збіраецца прайсці медыцынскую экспертызу на прадмет наяўнасці цялесных пашкоджанняў.

Маладзён мае намер падаваць скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. 

Артыкулы па тэме

Касацыйная скарга Каваленкі адхіленая, актывіст аднавіў галадоўку (абноўлена)

Пацярпелая ад тэракту: «Мяне выкралі невядомыя»

Сяргея Каваленку прымусова выводзяць з галадоўкі