26 чэрвеня 1987 года ўступіла ў сілу Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечых, ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Праз 10 год Генеральная Асамблея ААН абвясціла гэты дзень Міжнародным днём у падтрымку ахвяраў катаванняў.
Беларускія праваабаронцы, якія паслядоўна і сістэматычна даследуюць тэму катаванняў у краіне, прызнаюць, што гэтая праблема вельмі востра стаіць у нашым грамадстве. Беларускія праваахоўныя органы сістэматычна выкарыстоўваюць катаванні як спосаб дамагчыся прызнальных паказанняў. Супрацьстаяць гэтай з’яве досыць цяжка, паколькі ў беларускім заканадаўстве адсутнічае сам тэрмін “катаванні” і, адпаведна, не прадугледжана адказнасць за іх прымяненне.
Лідэр праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка зазначае, што яшчэ ніводнага прадстаўніка праваахоўных органаў, якога падазраюць у катаваннях, не ўдалося прывесці ў суд. Гэтаму спрыяе недасканаласць беларускага заканадаўства: «У нашым заканадаўстве самой дэфініцыі тэрміна „катаванне“ няма, — тлумачыць Бандарэнка. — Фактычна, калі прадстаўнікі праваахоўных органаў пераследуюцца за катаванні, то іх абвінавачваюць у перавышэнні службовых паўнамоцтваў. І хоць Канстытуцыя гарантуе абарону грамадзянаў ад жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, крымінальны пераслед за прымяненьне катаванняў не прадугледжаны. І атрымліваецца, што перавышэнне службовых паўнамоцтваў караецца часцей, чым прымяненне катаванняў да сваіх грамадзянаў».
Грамадскія актывісты неаднаразова накіроўвалі ў Палату прадстаўнікоў звароты аб увядзенні ў беларускае крымінальнае заканадаўства паняцця “катаванне” і адказнасці за гэтае злачынства. Таксама ад дэпутатаў патрабавалі пачаць распрацоўку Закону супраць катаванняў. Паколькі Беларусь не ратыфікавала факультатыўны пратакол канвенцыі па грамадзянскіх і палітычных правах, міжнародныя назіральнікі не могуць наведваць месцы зняволеньня і абмежаваньня волі ў Беларусі. Не могуць трапіць туды і беларускія праваабаронцы.
У 2011 годзе пад час 47 сесіі Камітэт супраць катаванняў ААН зрабіў заўвагі што тычыцца Беларусі, у якіх было рэкамендавана неадкладна ўвесці ў Крымінальны кодэкс нормы, якія даюць вызначэнне катаванню і кваліфікуюць яго ў якасці крымінальнага злачынства, у поўнай адпаведнасці з артыкуламі 1 і 4 Канвенцыі супраць катаванняў ААН.
Выступаючы 4 чэрвеня з трыбуны ААН пад час абмеркавання справаздачы Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч яшчэ раз заклікаў беларускія ўлады запрасіць у краіну тэматычных дакладчыкаў ААН, у тым ліку дакладчыкаў па катаваннях, абароне праваабаронцаў, незалежнасці судовай сістэмы і адвакатуры, свабодзе асацыяцый і Працоўную групу па адвольных затрыманнях.
Артыкулы па тэме
Участники проекта ILIA борются с проблемой пыток в Молдове
Фільм «Катаванні ў Беларусі. Апакаліпсіс»: гэта не проста скаргі і эмоцыі, гэта скалечаныя жыцці