“Міжнародная Амністыя” звярнулася да беларускага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі з заклікам памілаваць чалавека, якому пагражае хуткае пакаранне смерцю.
Васіль Юзэпчук, што, як было прызнана судом, забіў 6 жанчын ў Берасці, магчыма, знаходзіцца ў стане разумовай няздольнасці, сцвярджае адвакат В.Юзэпчука. На яго думку, асуджанага білі падчас папярэдняга следства па дзвюх асобных справах у студзені і ў сакавіку.
Паводле “Міжнароднай Амністыі”, “праз памілаванне Васіля Юзэпчука Прэзідэнт Лукашэнка заявіць, што Беларусь гатовая абвясціць мараторый на смяротную кару і зрабіць Еўропу тэрыторыяй, свабоднай ад пакарання смерцю”.
“Беларускія ўлады павінны таксама неадкладна абвясціць мараторый на ўсе прысуды са смяротным пакараннем і на іх выкананне. Яны павінны замяніць пакаранне смерцю на пэўныя тэрміны пазбаўлення волі дзеля ўсіх без выключэння зняволеных, якім вынесены смяротны прысуд, “ – гэтае мркаванне эксперта “Міжнароднай Амністыі” па Беларусі Хізэра Макгіла.
Ён адзначае, што з таго часу, як Прэзідэнт Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе, толькі адзіная просьба аб памілаванні была здаволеная.
Заява зробленая напярэдадні Сусветнага дня супраць смяротнай кары, калі актывісты заклікалі ўлады Беларусі – адзінай краіны ў Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якая ўсё яшчэ выкарыстоўвае смяротнае пакаранне, скасаваць яго.
Пратэсты забароненыя
Напярэдадні Сусветнага дня супраць смяротнай кары (10 кастрычніка) уладамі Беларусі былі забароненыя акцыі супраць смяротнага пакарання ў розных гарадах.
Нягледзячы на гэта, некаторыя маладзёвыя актывісты і праваабаронцы выявілі свой пратэст: распаўсюдзілі паштоўкі міжнароднай арганізацыі, што дзейнічае ў мэтах абароны правоў чалавека, – “Міжнароднай амністыі”, а таксама спецыяльна выдалі бюлетэнь “Наша права” ў Наваполацку.
Некаторыя з іх былі затрыманыя прадстаўнікамі міліцыі. Міліцыянты імкнуліся атрымаць ад затрыманых тлумачэнні наконт матэрыялаў, што імі распаўсюджваліся. Абвінавачванняў актывістам выстаўлена не было, і праз гадзіну іх вызвалілі.
Грамадства “гатовае да абмеркавання смяротнай кары”.
“Мы бачым, што прысудаў аб смяротнай кары ў Беларусі ў апошні час паменшала. Улады ініцыююць дэбаты, прысвечаныя пытанню забароны смяротнага пакарання; рабочая група пачала ў парламенце разглядаць гэтае пытанне,” – адзначае Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфан Эрыксан.
12 кастрычніка Шведскае прадстаўніцтва і Офіс Еўрапейскай Камісіі ў Менску давалі прэс-канферэнцыю па сітуацыі са смяротнай карай у Беларусі.
Амбасадар адзначыў, што Еўразвяз вітае гэтыя крокі Беларусі і спадзяецца на выніковасць дэбатаў, гэта значыць на тое, што смяротнае пакаранне ў Беларусі будзе забароненае.
“Аднак пакуль смяротнае пакаранне выкарыстоўваецца ў Беларусі, мы будзем уздымаць гэтае пытанне са спадзяваннем, што ўлады зменяць сваё меркаванне, “ – сказаў ён. С.Эрыксан адзначыў, што ніхто не можа прымусіць Беларусь альбо іншую дзяржаву, дзе выкарыстоўваюць смяротную кару, прыняць рашэнне аб яе скасаванні.
“Выкарыстанне катаванняў і кепскага абыходжання”
Згодна з Міжнароднай Амністыяй, у Беларусі выкарыстанне смяротнага пакарання суправаджаецца небездакорнай сістэмай правасуддзя, што назначае смяротны прысуд спосабамі, якія не адпавядаюць міжнародным стандартам і парушаюць нормы міжнароднага права адносна смяротнага пакарання. Існуюць падставы меркаваць, што дзеля “выцягвання” прызнання практыкуецца выкарыстанне катаванняў і кепскага абыходжання.
Асуджаных не папярэджваюць, калі іх збіраюцца пакараць, і пакаранне звычайна выконваецца праз некалькі хвілін пасля таго, як ім паведамляюць аб адхіленні апеляцыі аб памілаванні.
Спачатку іх прывоздяць у пакой, дзе ў прысутнасці кіраўніка турэмнай установы, пракурора і іншых супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў ім абвяшчаюць аб адмове па іх прашэнні аб памілаванні і аб тым, што прысуд будзе прыведзены ў выкананне. Затым іх адводзяць у суседні пакой, там прымушаюць стаць на калені і паляць ззаду ў галаву.
Сем’і асуджаных на смерць дазнаюцца пра выкананне прысуду ў дачыненні да іх родных толькі праз некалькі дзён ці нават тыдняў.