Пікет доўжыўся каля 20 хвілін. У руках прадстаўнікі БРСМу (Беларускі рэспублікакнскі саюз моладзі, створаны ў 2002 годзе па узору савецкай камсамольскай арганізацыі) трымалі плакаты з гучнымі лозунгамі “Народная ли? Воля ли?” і “Они победили, а вы врёте”.
Пікетоўцы заявілі, што падставай для збору і выражэння незадаваленасці стала тое, што газета адной з сваіх публікацыяў звярталася да тэмы вайны. Погляд аўтара на падзеі Вялікай Айчыннай вайны пікетоўцы лічаць абразлівым і выступаюць у абарону “праўдзівых успамінаў” удзельнікаў вайны.
Маладыя людзі раздавалі мінакам кнігі з адшліфаванага ідэолагамі дакументальнага шматтомніка “Памяць” і лісткамі паперы з прапановай «асвяжыць сваю памяць».
Рэдакцыя “Народнай волі” апошнім часам стала папулярным месцам для правядзення пікетаў. Так, 6 красавіка на гэтай пляцоўцы сабраліся абураныя ветэраны, якія традыцыйна зэяўляюцца адным з галоўных апірышчаў існуючага беларускага рэжыму. Падстава была той жа самай – абразлівае стаўленне выдання да тэмы вайны. Гаворка ідзе пра апублікаваны ў газеце вытрымкі з кнігі Іллі Копыла “Нябышына. Вайна”, дзе аўтар дае сваю суб’ектыўную адзнаку падзеям вайны і яе масца ў яго лёсе, а таксама развейвае некаторыя міты, з ёю звязаныя.
Ветэраны трымалі ў руках плакаты з гучнымі лозунгамі “Победили врагов-победим и клеветников”, “Ветераны против лжи в СМИ”, “Нацизм не пройдет!” Па словах працаўнікоў рэдакцыі, ветэранаў суправаджалі некалькі маладых людзей з тэлекамерамі, якія, да таго ж, правяралі іх прысутнасць па спісах. Па інфармацыі журналістаў, акцыя пратэсту была санкцыянаваная Мінгарвыканкамам. Пікетоўцы паводзілі сябе даволі агрэсіўна: пасля пікету яны перамясціліся ў саму рэдакцыю, дзе абвінавачвалі працоўных журналістаў у хлусні і абразе, а таксама патрабавалі галоўнага рэдактара газеты, якога не было на працоўным месцы.
Паразмаўляць з абуранымі ветэранамі выйшла шэф-рэдактар выдання Святлана Калінкіна (на фота). Па яе меркаванні ўсе гэтыя дзеянні – новы метад ціску на недзяржаўную газету, якая нядаўна перажыла серыю ператрусаў, ў кантэксце мясцовых выбараў, што адбудуцца ўжо хутка. “Не было ніводнай палітычнай кампаніі ў Беларусі, якая б абышлася без атакі на незалежныя СМІ. Зараз улада хоча чужымі рукамі зрабіць гэта, рыхтуючы грамадскую думку да магчымага закрыцця газет і інтэрнет-сайтаў, — так тлумачыць інцыдэнт выдання Святлана Калінкіна. – Гэта вельмі трывожныя падзеі, бо, калі грамадзян адной краіны сутыкаюць ілбамі, гэта ніколі добра не заканчваецца”.