Пікет у Горадні
3 верасня некалькі чалавек сабраліся на адной з гарадскіх плошчаў Горадні. Прычынай несанкцыянаванага збору стала тое, што ва ўсім горадзе (насельніцтва – 328 тысяч чалавек) так і не набраўся беларускамоўны першы клас, дзе б бацькі хацелі навучаць сваіх дзяцей. Прафэсара Гарадзенскага медыцынскага ўнівэрсытэту Алеся Астроўскага і журналіста Уладзімера Хільмановіча, якія пікетавалі перад Гарадзенскім гарвыканкамам, міліцыянты чакана завезлі ў пастарунак.
Там у іх узялі тлумачэнні і склалі пратакол канфіскацыі плакатаў. Затым, асобна, у пастарунак даставілі і жонку спадара Астроўскага Аксану з дзецьмі — Светай, Янкам і Васілём, якому ўсяго два гады.
На такі крок бацькоў падштурхнула тое, што іх надзеі на беларускамоўнае навучанне дачкі Святланы так і не спраўдзіліся – беларускамоўнага класа ў Горадні сёлета няма.
Алесь Астроўскі зазначае, што спачатку іх запрасілі ў Гарвыканкам да намесьніцы старшыні Ірыны Сенчанкавай, і размова адбылася ў канструктыўным рэчышчы — наконт магчымасці адкрыцця аднаго першага класа з беларускай мовай навучання. Праўда, ён сказаў, што калі гэта не будзе выканана, ён забярэ дачку са школы і будзе наймаць рэпетытараў. Яго тым больш здзівіла, што пасля такой размовы іх чакалі чалавек пяць міліцыянтаў.
Цяпер за парушэнне закону і несанкцыянаваны пікет бацькоў чакае судовае разбіральніцтва.
Ніхто не хоча вучыцца па-беларуску?
З адсутнасцю беларускамоўнай адукацыі для дзяцей сутыкнуліся і жыхары мястэчка Глыбокае, што на Віцебшчыне. За тыдзень да пачатку навучальнага года дырэктарка беларускамоўнай гімназіі паведаміла, што сёлета беларускамоўнага класа не будзе.
Юлія Бука, якая хацела навучаць сваю дачку па-беларуску, была проста абураная такой навіной. Адміністацыя гімназіі паведаміла ёй, што гэта адбылося з-за таго, што “ніхто не хоча вучыцца па-беларуску”.
Дырэктарка Глыбоцкай гімназіі Людміла Хваранец паведаміла, што заяў у беларускамоўны клас сёлета было пададзена шэсць. Гэтага дастаткова. Але на гэты год было запланавана набраць два класы, у якіх вучні па жаданні бацькоў будуць вучыцца па-руску. А адкрыць дадаткова клас можна толькі рашэннем райвыканкама.
Натуральна, што ў сельскага насельніцтва няма такога выбару школ і навучальных установаў для сваіх дзяцей. “Альбо я вяртаю дзяўчынку ў вясковую беларускамоўную школу, але пераступаю праз жаданні дачкі, альбо аддаю ў рускамоўны клас, ды пераступаю праз свае перакананні”, – кажа жанчына. А пакуль яна збіраецца звяртацца ў Міністэрства адукацыі.
“Дзяржава пра беларускую мову дбаць не збіраецца”
Сакратарыят рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” запатрабаваў ад уладаў прыняць закон аб абароне і дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы.
Пра гэта гаворыцца ў заяве “Родная мова не павінна стаць для беларусаў замежнай”, прынятай 31 жніўня ў Мінску на паседжанні сакратарыята ТБМ.
“Міністэрства адукацыі пра беларускую мову дбаць не збіраецца, і таму колькасць вучняў, якія навучаюцца па-беларуску, скарацілася да 18%”, — гаворыцца ў заяве. Яе аўтары падкрэсліваюць, што “зараз у першы клас ідуць дзеці, якія дома ніколі не чулі беларускай мовы, бо іхнія бацькі і дзяды, што жывуць у вялікіх і малых гарадах, згубілі повязь з родным беларускамоўным асяродкам, гавораць дома ў асноўным на “трасянцы” (сумесь беларускай і рускай моваў).
Пытанне мовы з’яўляецца на Беларусі вельмі палітызаваным. Русіфікацыя, што павальна адбывалася за савецкімі часамі, мела вялікія наступствы: руская мова стала мовай гарадоў, “прэстыжу”, бізнэсу. Беларуская ж застаецца мовай невялікіх мястэчак і вёсак, а таксама культурнай эліты. Але дзяржава, у сваю чаргу, не робіць нічога, как змяніць такую сітуацыю. Зараз сітуацыя застаецца крытычнай, бо гарантаванае права свабоднага выбару мовы, гарантаванага канстытуцыяй краіны, застаецца толькі на паперы.
Кацярына Клімко, паводле nn.by