8 лістапада стала вядома, што лідара «Маладога фронту» палітвязня Змітра Дашкевіча перавялі ў турму ў Гродне. Маладафронтавец, жыхар Гародні Алесь Кіркевіч апавёў:

«Нашы людзі хадзілі ў турму і там пацвердзілі, што Дашкевіч ужо знаходзіцца ў іх. Калі яго прывезлі дакладна, не сказалі. Відаць, 7-га ці ў ноч на 8 лістапада. Але гэта зараз ужо і не гэтак важна. Чалавек знайшоўся, гэта самае галоўнае».

Пошукі палітвязня трывалі больш за тыдзень

Больш за тыдзень родныя, сябры і паплечнікі шукалі Дашкевіча, якога 30 кастрычніка выязны мазырскі суд вырашыў накіраваць з калоніі ў адну з трох «крытых» турмаў. У якую, сваякам не паведамілі. Актывісты «Маладога фронту» наведалі турмы ў Жодзіне, Горадні і Магілёве, каб паспрабаваць адшукаць палітвязня. Наста Палажанка, актывістка «Маладога фронту» і нявеста Дашкевіча, за выходныя так і не змагла высветліць, дзе ён знаходзіцца.

У апошнім лісце, які Дашкевіч даслаў з Мазырскай калоніі, ён не выключае, што на новае месца адбыцця пакарання яго будуць этапаваць праз перасыльную турму ў Магілёве.

Гарадзенец Алесь Кіркевіч спрычыніўся да пошукаў у Гарадзенскай турме, якая напярэдадні разглядалася маладафронтаўцамі як найбольш верагоднае месца зняволення Дашкевіча. Аднак па стане на 5 лістапада такі прагноз не спраўдзіўся: «Хадзілі ў пятніцу мінулую і сёння [5 лістапада]. На раніцу яго там не было, гэтак сказалі. Тут магчымыя два варыянты. Або не кажуць, або ён трапіў у зацяжны этап, гэтак званую “кругасветку”. Калі беспрычынна чалавека возяць па розных турмах, каб зацягнуць час ягоных пакутаў, бо гэта можна прыраўняць да катаванняў».

У другой палове дня магілёўскі палітык Зміцер Салаўёў наведаў 4-ю магілёўскую турму, дзе таксама мог апынуцца Зміцер Дашкевіч. Вынік такі самы, распавёў Салаўёў: ​​«Хадзіў у турму, знайшоў, дзе там перадачы прымаюць і атрымліваюць дазволы на спатканні. Яны паглядзелі свае картатэкі і не знайшлі. Супрацоўніца сказала гэтак: што калі ён транзітны, то такіх у картатэку не заносяць. А калі яго з мазырскай калоніі этапуюць сюды, у Магілёў, то яго пакуль няма. Магчыма, у дарозе».

Нявеста Дашкевіча Наста Палажанка кажа, што і ў жодзінскай турме, паводле яе супрацоўнікаў, Змітра няма: ​​«У Жодзіне сказалі, што няма. Сённяшніх спісаў яны яшчэ не маюць, а сярод тых, хто быў да сёння, яго няма. Калі яго няма ані там, ані там, значыць, у іх няма і мэты яго хутка кудысьці прывезці. Год таму, у верасні, з ім было такое, яго везлі гэтаксама доўга з калоніі ў Горках у калонію ў Глыбокім, везлі праз віцебскі ізалятар. Іх тады перасеклі з Саннікавым. Нейкі час яны нават разам ехалі. Тады адбываліся розныя правакацыі, падсадныя людзі, нейкія псіхолагі КДБ, якія правакавалі на канфлікты. То бок з імі працавалі, каб яны былі максімальна знерваваныя. Я сядзела ў той час на сутках, а мой бацька надрукаваў ліст Змітра пра віцебскае СІЗА, дзе ён пісаў: “Не думаў, што з гэтага выберуся”. Такім чынам, этап сапраўды лічыцца такім выпрабаваннем, калі чалавек самы безабаронны і прыдумаць можна што заўгодна».

Варта адзначыць, што са снежня 2010 года гэта ўжо сёмае па ліку этапаванне Дашкевіча ў новае месца адбывання пакарання.

Еўрадэпутат Марэк Мігальскі патрабуе спыніць пераслед Дашкевіча
У сувязі з чарговым судом над лідарам МФ Зміцерам Дашкевічам Мігальскі (на фота) звярнуўся да старшыні Еўрапейскага Парламента Марціна Шульца, прадстаўніка ЕС на Беларусі Майры Мора, а таксама да міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага.

Мігальскі падкрэсліў, што вырак Мазырскага суда 30 кастрычніка ёсць чарговай спробай націску на Дашкевіча, а таксама звярнуў увагу на той факт, што апазіцыянер неаднойчы трапляў пад пераслед з боку адміністрацыі калоніяў, а большасць свайго тэрміну адбываў у карцарах ды ізалятарах.

Еўрапейскі пасол адзначыў, што беларускія ўлады працягваюць пераслед і націск на палітвязняў і заклікаў да ўмяшальніцтва ў справу пераследу Зміцера Дашкевіча.

Дадаткова д-р Мігальскі звярнуўся да Майры Моры з заклікам адведаць Зміцера ў турме і прыгледзецца да варункаў, у якіх утрымліваецца лідар Маладога Фронту, як да яго ставіцца турэмная адміністрацыя, а таксама праверыць ягоны стан здароўя і самаадчуванне.

Еўрапейскі пасол таксама звярнуўся да Генеральнага Пракурора РБ. Пасол падкрэсліў, што ацэньвае дзеянні адміністрацыі калоніі № 20 у Мазыры як ціск на апазіцыянера, прыклад катаванняў і гвалту, а чарговы вырак, абцяжарваючы варункі адбывання тэрміну, як спосаб ізаляцыі. Д-р Мігальскі заклікаў неадкладна спыніць ціск на Дашкевіча, а таксама забяспечыць годныя варункі для адбывання тэрміну.

***

24 сакавіка 2011 г. Зміцер Дашкевіч быў асуджаны на 2 гады зняволення нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 снежня 2010 г. Дашкевіч і актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў збілі ў Мінску мінакоў. Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спецслужбаў напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя «Amnesty International» прызнала Дашкевіча вязнем сумлення.

28 жніўня 2012 г., падчас адбывання пакарання ў Глыбоцкай калоніі, Дашкевіч быў асуджаны яшчэ на адзін год зняволення паводле артыкулу аб непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі. Неўзабаве Зміцер быў пераведзены адбываць пакаранне ў Мазыр, дзе 30 кастрычніка адбыўся чарговы суд, што пастанавіў перавезці актывіста ў «крытую» турму.

Зміцер Дашкевіч з’яўляецца лідарам «Маладога фронту» з 2004 года. «Малады Фронт» — міжнародны моладзевы рух беларускай моладзі, які быў заснаваны ў 1997 годзе, увабраў у сябе арганізацыйна не аформлены рух незалежніцкай моладзі і аб’яднаў у сваіх шэрагах дзясяткі моладзевых ініцыятываў і арганізацыяў.


Прагледзець Турмы Змітра Дашкевіча на мапе.

***
Падтрымаць палітвязня можна лістом ці паштоўкай. Ягоны новы адрас такі: 230023, Гродна, вул. Кірава 1. Турма №1. Дашкевічу Дзмітрыю Вячаслававічу.

Таксама на гэты адрас можна даць тэлеграму, патэлефанаваўшы з гарадскога стацыянарнага нумара на нумар 166. Расцэнкі на тэлеграму мізэрныя.

Пра неабходнасць выказвання словаў падтрымкі напісала ў сваім профілі ў фэйсбуку нявеста палітвязня Наста Палажанка, паведамляе сайт “Нашай Нівы”.

Артыкулы па тэме

Журналіст Андрэй Пачобут: «Буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць»

Сетка Дамоў правоў чалавека заклікае беларускія ўлады вызваліць Алеся Бяляцкага

Былы палітвязень Васіль Парфянкоў асуджаны на паўгода арышту