Арцём Дубскі атрымаў узгаданае вышэй пакаранне за ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі згодна артыкулу 415 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Нагадаем, што Арцём Дубскі быў пакараны двума гадамі абмежавання волі па так званай  “справе 14-ці”. У красавіку 2008 года Арцём Дубскі і яшчэ 13 маладых людзей былі прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 1 студзеня 2008 года ў Мінску. Актывісты былі абвінавачаныя паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Як паведамляе Радыё “Свабода“, падчас адбыцця прысуджанага пакарання супраць Арцёма Дубскага была распачата яшчэ адна крымінальная справа – па надуманым абвінавачванні ў карыстанні чужой сім-карткай для выхаду ў інтэрнэт. У дадатак прадстаўнікі праваахоўных органаў склалі два рапарты аб тым, што ў  час праверкі Арцём не знаходзіўся дома, і пачалі пагражаць узбуджэннем яшчэ адной крымінальнай справы, ужо трэцяй. Апошняе падштурхнула Арцёма паехаць ва Украіну, у сувязі з чым яго і абвінавацілі ў парушэнні артыкула 415 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Міжнародная амністыя” прызнала асуджаных па “справе 14-ці“, у тым ліку і Арцёма Дубскага, вязнямі сумлення. Аднак патрабаванні як міжнароднай супольнасці, так і беларускай грамадскасці аб вызваленні ад пакарання асуджаных па “справе 14-ці“ не былі пачуты беларускімі ўладамі.

Па інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, кіраўнік каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў г. Мінска Аляксандр Макаеў азначыў гэты прысуд як чарговы акт беззаконня, “які парушае правы людзей на свабоду сходаў, свабоду асацыяцый і свабоду выказвання свайго меркавання, якія гарантаваныя Канстытуцыяй Беларусі”. Макаеў выказаў упэўненасць, што Дубскі асуджаны за акцыю пратэсту прадпрымальнікаў і пацярпеў за тое, што адстойваў правы прадпрымальнікаў на працу. “Таму мы будзем патрабаваць вызвалення Дубскага, наколькі гэта будзе ў нашых сілах”, – сказаў Макаеў.

8 ліпеня паплечнікі Арцёма Дубскага – удзельнікі “Маладога фронтураспачалі кампанію за яго вызваленне. ПЦ “Вясна” заявіў пратэст і выказаў патрабаванне аб неадкладным вызваленні Арцёма Дубскага. “Праваабарончы цэнтр “Вясна” таксама настойліва заклікае беларускія ўлады адмовіцца ад практыкі палітычных рэпрэсій у дачыненні да грамадзянаў краіны па палітычнах матывах, у тым ліку да поўнага вызвалення ад вынесенага пакарання і амністыі ўсіх удзельнікаў справы 14-ці, якія адбываюць пакаранне на дадзены момант”.

У каментары да азначанай падзеі ў справе Дубскага кіраўнік ПЦ "Вясна" Алесь Бяляцкі  заявіў: "Гэта пазбаўленне волі за тое, што чалавек выражаў сваё меркаванне, удзельнічаў у мірнай вулічнай акцыі".