Ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» пагутарыла з Андрэем Палудай – праваабаронцам, які будзе прадстаўляць яе інтарэсы ў КПЧ ААН, і папрасіла расказаць пра фактычныя акалічнасці справы.
«Родны сын Тамары Сялюн – Павел Мікалаевіч Сялюн быў асуджаны да выключнай меры пакарання. Калі адвакат пайшла наведваць яе сына ў СІЗА №1, дзе ён чакаў выканання пакарання ў выглядзе расстрэлу, ёй паведамілі, што ён «убыл по приговору». Пры гэтым маці пра лёс яе дзіцяці ніхто не інфармаваў, фактычна на працягу месяца яна прыбывала ў поўным няведанні пра яго лёс.
Пасля неаднаразовых зваротаў у Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Дэпартамент выканання пакаранняў Рэспублікі Беларусь, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь з просьбамі паведаміць пра лёс сына, вярнуць яго асабістыя рэчы, паказаць месца пахавання альбо вярнуць яго цела для пахавання ў адпаведнасці з традыцыямі сям’і, Тамара Сялюн атрымала адказ з Гарадзенскага абласнога суда, у якім ёй было паведамлена, што прысуд у дачыненні да яе сына прыведзены ў выкананне і што цела для пахавання не выдаецца, аб месцы пахавання не паведамляецца. Пры гэтым, замест асабістых рэчаў сына, Тамары Сялюн паштовай пасылкай была накіравана казённая спецвопратка з адзнакай “ВМН” – выключная мера пакарання, у якой яе сын правёў апошнія больш за год знаходжання ў «калідоры смерці» і ў якой яна яго неаднаразова, у тым ліку і ў апошні раз жывым, бачыла падчас асабістых спатканняў.
Убачыўшы дадзеныя рэчы, Тамара Сялюн атрымала моцны псіхалагічны стрэс, яна пасекла гэтую вопратку (штаны, куртку, шапку і абутак) сякерай і спаліла каля свайго дома. Да гэтага часу, нават па сканчэнні часу, яна ўсё роўна знаходзіцца пад моцным псіхалагічным уражаннем і сцвярджае, што ўспаміны дадзенай сітуацыі прыносяць ёй моцныя псіхалагічныя пакуты», – паведаміў праваабаронца.
Што тычыцца ўнутраных сродкаў прававой абароны, Тамара Сялюн звярталася ў суд Ленінскага раёна горада Гродна, у Гродзенскі абласны суд, у судовую калегію па грамадзянскіх справах Вярхоўнага суда Рэспублікі Беларусь, да старшыні Вярхоўнага суда і да пракурора Гродзенскай вобласці. Акрамя таго, на нацыянальным узроўні Тамара Сялюн распачала спробу ініцыяваць перад Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь пытанне аб праверцы на адпаведнасць Канстытуцыі і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах артыкула 175 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, якая забараняе выдаваць інфармацыю аб месцы пахавання пакараных у краіне людзей.
«На вялікі жаль, кампетэнтныя дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь лічаць, што адмова ў рассакрэчванні месцаў пахавання пакараных у краіне людзей не прыводзіць да парушэння правоў іх блізкіх людзей не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму, зневажальнаму годнасць абыходжанне. Таму Тамара Сялюн была вымушана звярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН. Варта адзначыць, што ў сваёй практыцы Камітэт неаднаразова ўстанаўліваў парушэнне артыкула 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у рашэннях, якія прымаюцца па аналагічным скаргах беларускіх грамадзян, і абавязваў Рэспубліку Беларусь паведаміць сваякам пакараных месцы пахаванняў іх дзяцей і не дапускаць аналагічных парушэнняў у будучыні. Тым не менш, заканадаўства і практыка яго прымянення ў гэтай частцы да гэтага часу не змененыя, што працягвае цягнуць за сабой кожны раз, як у выпадку Тамары Сялюн, прымяненне да сваякоў пакараных бесчалавечнага абыходжання», – лічыць Андрэй Палуда.

***
Пасля вынясення 19 траўня трэцяга ад пачатку 2016 года смяротнага прысуду жыхару Гомеля Сяргею Вострыкаву, беларускае правасуддзе ўзяло своеасаблівы тайм-аўт. Кампанія “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая займаецца маніторынгам сітуацыі са смяротным пакараннем, лічыць што, верагодней за ўсё, перапынак звязаны з чарговай выбарчай кампаніяй: уладам вельмі ня хочацца ў гэты час нерваваць электарат гучнымі працэсамі і такімі ж гучнымі прысудамі.
Праваабаронца Андрэй Палуда таксама паведаміў, што 3 жніўня Камітэт пацвердзіў рэгістрацыю індывідуальнага звароту Сяргея Хмялеўскага, які быў прыгавораны да смяротнага пакарання. Камітэт просіць беларускія ўлады адкласці расстрэл Сяргея Хмялеўскага, пакуль яго справа знаходзіцца на разглядзе. У сваім звароце Хмялеўскі сцвярджае, што да яго ўжываліся катаванні і іншыя недазволеныя метады ўздзеяння, што ў выніку пацягнула самаагавор.

Артыкулы па тэме

Amnesty International апублікавала штогадовы агляд па смяротнаму пакаранню ва ўсім свеце

Брат асуджанага да смерці скардзіцца на прэсінг

Новая рэзалюцыя ААН – крытычнае становішча ў галіне правоў чалавека ў краіне застаецца