Зборнік аўтарскіх матэрыялаў і дакументаў «Дэ-факта імплементацыя міжнародных стандартаў правоў чалавека: вопыт выпускнікоў праграмы ILIA ў Беларусі» апублікаваны ў межах праграмы Сеткі дамоў правоў чалавека «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» (International Law in Advocacy / ILIA). Гэта пятая кніга у серыі публікацый праграмы з 2007 года.

У зборніку значная ўвага надаецца магчымасцям прымянення міжнародных стандартаў у нацыянальнай прававой сістэме Беларусі. «Унікальнасць кнігі ў тым, што яна паказвае: міжнародна-прававыя стандарты ў сферы абароны правоў чалавека могуць «працаваць» у краіне, дзе, здавалася б, для гэтага не створаны ўмовы. У зборніку апублікаваныя рэальныя прыклады, якія паказваюць, што дзякуючы прынцыпу ўніверсальнасці правоў чалавека прымяненне міжнародных прававых стандартаў у абароне і прасоўванні правоў і свабод чалавека магчыма, нягледзячы на ​​адрозненні і перашкоды асобных нацыянальных сістэм»,- адзначае ва ўводзінах да зборніка Людміла Ульяшына, менеджэр праграмы ILIA (на фота).

Па словах выпускніка праграмы ILIA і адказнага рэдактара зборніка Алега Агеева (на фота), праца над зборнікам праходзіла ў некалькі этапаў і заняла каля года. Спачатку былі сабраныя лепшыя практыкі выпускнікоў праграмы ILIA у Беларусі па імплементацыі міжнародных стандартаў правоў чалавека ў нацыянальную прававую сістэму, а пасля гэтага рэдакцыйная рада адабрала матэрыялы для падрыхтоўкі аналітычных артыкулаў. У якасці крытэрыяў адбору матэрыялаў для публікацыі ўлічваўся цэлы шэраг фактараў, прычым асноўную ўвагу сябры рэдакцыйнай рады надавалі актуальнасці праблемы, паўнаце матэрыялаў і якасці падрыхтоўкі прававой аргументацыі.

«Мы плануем распаўсюджванне зборніка сярод праваабарончых арганізацый, навучальных устаноў, у якіх выкладаецца правазнаўства, а таксама сярод удзельнікаў праграмы «Міжнароднае права для абароны грамадскіх інтарэсаў» для выкарыстання ў практычнай працы. Яшчэ на стадыі планавання мы ставілі перад сабой мэту падрыхтаваць навучальны дапаможнік для прымянення яго ў адукацыйным працэсе на практычных занятках, каб была магчымасць наглядна дэманстраваць удзельнікам навучання магчымыя падыходы пры ажыццяўленні прававых дзеянняў у абарону правоў чалавека і грамадскіх інтарэсаў», – распавёў Алег Агееў.

Прафесійныя і паслядоўныя дзеянні праваабаронцаў па ўжыванні палажэнняў міжнародных дамоўленасцяў у сферы абароны правоў чалавека важныя яшчэ і таму, што многія службовыя асобы Беларусі працягваюць успрымаць міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў і свабод чалавека як «дэкларатыўныя», а рашэнні міжнародных органаў лічаць рэкамендацыйнымі і неабавязковымі для выканання. Плённасць працы беларускіх праваабаронцаў у гэтым кірунку заўважная ўжо сёння – змены можна убачыць як у практыцы выпускнікоў праграмы, так і ў дзейнасці беларускіх праваабарончых арганізацый.

«Дзякуючы гэтай кнізе ў вас ёсць магчымасць пазнаёміцца ​​з прыкладамі праваабарончай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь і зразумець, як ва ўмовах самаізаляцыі ад еўрапейскай юстыцыі і абмежаванага ўплыву міжнародных інструментаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый беларускія праваабаронцы працягваюць працаваць з міжнароднымі стандартамі, паказваючы іх патэнцыял для прававой сістэмы і прававой свядомасці насельніцтва», – падкрэсліла Людміла Ульяшына, менеджэр праграмы ILIA.

У зборніку ўпершыню апублікаваныя падыходы да выбару прававой пазіцыі, стратэгія і тактыка абароны ў частцы прымянення міжнародных стандартаў на нацыянальным і міжнародным узроўнях у справе праваабаронцы Алеся Бяляцкага, прыводзяцца тэксты працэсуальных дакументаў. У зборнік увайшоў артыкул Андрэя Бастунца, старшыні ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», у якой на прыкладзе выпадку аб адмове ў акрэдытацыі журналіста замежнага СМІ раскрываюцца асаблівасці прымянення стандартаў свабоды слова і права на інфармацыю. Таксама ў кнізе закранутая праблема рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў.  Палажэнні нацыянальнага Закона аб масавых мерапрыемствах супярэчаць міжнародна-прававым абавязацельствам, таму асаблівую цікавасць уяўляе агляд, падрыхтаваны прафесарам Аляксандрам Вашкевічам. Акрамя прыкладаў з практыкі выпускнікоў  у аглядзе ўтрымліваюцца спасылкі на міжнародна-прававыя стандарты і на рашэнні міжнародных органаў.

Зборнік можа быць карысны для юрыстаў, праваабаронцаў, журналістаў і ўсіх, хто цікавіцца пытаннямі ажыццяўлення міжнародных абавязацельстваў у галіне правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь.

Documents: