Аўтары прадставілі падрабязны аналіз складаных выпадкаў, што ўзнікалі ў беларускай адвакатуры з 2010 па 2012 гг., сярод якіх – выключэнні з адвакацкіх калегій, крымінальны пераслед адвакатаў, ціск на органы адвакацкага самакіравання, спыненне дзеяння адвакацкіх ліцэнзій. 

Прадстаўленыя матэрыялы апісваюць факты, звязаныя пераважна з дзейнасцю Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, таму што, на думку аўтараў, прыклад сталічнай калегіі адвакатаў найбольш паказальны: менавіта яна зазнала найбольшае ўмяшальніцтва ў сваю дзейнасць з боку дзяржаўных органаў. Адвакаты гэтай калегіі падвергнуліся беспрэцэдэнтнаму ціску з боку дзяржавы, што звязана з ажыццяўленнем некаторымі з іх абароны палітычных апанентаў дзеючай улады.

Таксама выпускнікі праекта прааналізавалі цяжкасці, што ўзнікаюць пры абароне правоў асобаў, якія падвяргаюцца крымінальнаму пераследу, і даследавалі адпаведнасць нацыянальнага заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі Беларусі міжнародным стандартам. Аб’ектам аналізу сталіся нормы ўнутранага заканадаўства і правапрымяняльная практыка Беларусі; пры гэтым выкарыстоўваліся факты з практыкі адвакатаў.

Працуючы над вышэйзгаданым матэрыялам, аўтары выявілі ключавыя праблемы беларускага заканадаўства ў галіне забеспячэння ўмоў справядлівага судовага разбору, права на абарону (з улікам гарантый у дачыненні да інстытута адвакатуры), права на свабоду і асабістую недатыкальнасць і выпрацавалі шэраг рэкамендацый па ўдасканаленні заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі пры ажыццяўленні правасуддзя ў галіне крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу грамадзян.

Паводле менеджара праграмы “Міжнароднае права ў праваабарончай і адвакацкай дзейнасці” Сеткі Дамоў правоў чалавека Людмілы Ульяшынай (на фота), вынікам навучання правам чалавека робіцца тое, што юрысты самастойна могуць правесці неабходны аналіз нацыянальнага заканадаўства, ужыўшы міжнародныя стандарты. Гэта цалкам адпавядае мэтам навучання – павысіць патэнцыял практыкуючых юрыстаў ўнутры краіны:

– Гэтыя матэрыялы – гэта погляд саміх юрыстаў і адвакатаў. У гэтым сэнсе яны нават важнейшыя за справаздачы міжнародных арганізацый, бо гэта адлюстроўвае погляд знутры сістэмы. Акрамя таго, гэтыя справаздачы кажуць аб тым, што адвакаты не толькі авалодалі ведамі, але яны ўжо хочуць падзяліцца гэтымі ведамі са сваімі калегамі, хочуць, каб у іншых таксама паўстала разуменне і ўсведамленне таго, што парушэнне правоў унутры прафесійнай супольнасці адвакатаў вядзе да сістэмных парушэнняў у галіне абароны правоў чалавека і канкрэтна ў судовай абароне.

Да таго ж, Людміла Ульяшына адзначае, што матэрыялы аб парушэннях у беларускай адвакатуры маюць надзвычай важнае значэнне, бо гэтыя парушэнні выступаюць своеасаблівым трывожным сігналам:

– У пытаннях абароны правоў чалавека прынцып незалежнасці адвакатуры набывае асаблівую значнасць і вагу, бо ў выпадку калі дзяржава празмерна рэгулюе адвакатуру, напрыклад, пры вырашэнні пытання аб допуску адваката да прафесіі ці яго звальненні, – гэта безумоўна ёсць парушэннем самога балансу. Таму што адвакаты, якія не вольныя ў тым, каб абараняць кліента, і якіх улада асацыюе з іх кліентамі, ужо самі ажыццяўляюць самацэнзуру, адмаўляючыся абараняць людзей, якія, магчыма, больш за ўсё маюць патрэбу ў гэтай абароне. Такім чынам, парушэнні ў адвакатуры прыводзяць да парушэння правоў асобнага чалавека.

Паводле Л. Ульяшынай, спасылкі на створаныя ў межах праекта матэрыялы будуць скарыстаныя ў аглядзе, які рыхтуецца для спецдакладчыка па незалежнасці суддзяў і адвакатуры. Гэты агляд павінен прадэманстраваць вынікі навучання ў галіне правоў чалавека.

***

Праект “Імплементацыя дэ-факта міжнародных абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь у галіне грамадзянскіх правоў і свабод” з’яўляецца часткай праграмы Сеткі Дамоў правоў чалавека “Міжнароднае права ў праваабарончай дзейнасці”. Праект распрацаваны групай адвакатаў і праваабаронцаў у 2005 годзе і з тых часоў ажыццяўляецца партнёрскімі арганізацыямі Фонду Дамоў правоў чалавека ў супрацоўніцтве з міжнароднымі і нацыянальнымі экспертамі.

Праект спрыяе намаганням па выкананні абавязацельстваў, прынятых у рамках Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і іншых міжнародных арганізацый у галіне правоў чалавека (ПЧ). Удзельнікі праграмы маюць магчымасць атрымаць веды ў галіне рэгіянальных інстытутаў абароны правоў чалавека, перш за ўсё Савета Еўропы і Еўрапейскага Суда па правах чалавека.

Мэта праекта – умацаваць прасоўванне, абарону і захаванне правоў чалавека пры вяршэнстве права шляхам павышэння прафесійнага ўзроўню адвакатаў, юрыстаў, праваабаронцаў праз навучанне, узаемадзеянне і супрацоўніцтва паміж імі, а таксама праз фарміраванне ў іх перакананасці і практычных навыкаў прамога прымянення міжнародных стандартаў правоў чалавека на нацыянальным узроўні.

Documents: