Пасля выканання смяротнага прысуду Любоў Кавалёва атрымала па пошце з СІЗА КДБ пакет з асабістымі рэчамі сына. Аднак жоўтая папка, з якой Уладзіслаў хадзіў на пасяджэнні суда, аказалася пустой.

«З гэтай папкай ён быў на судзе, там знаходзіліся запісы, зробленыя ім падчас суда і пасля, калі яны з адвакатам знаёміліся з судовай справай для напісання касацыйнай скаргі. Улад вельмі прасіў, каб гэтыя запісы захавалі», — заявіла Любоў Кавалёва два месяцы таму.

30 красавіка Кавалёва даслала ліст на імя начальніка СІЗА КДБ, у якім патрабавала вярнуць запісы. Аднак адказу на свой зварот маці расстралянага так і не атрымала.

«Пасля выканання прысуду мне даслалі ўсе рэчы Улада, але жоўтая папка, дзе ён захоўваў запісы, прыйшла пустая. І цяпер з СІЗА КДБ мне так і не адказалі, дзе падзеліся запісы. Не ведаю, што думаць: можа, іх нехта скраў, можа, нехта збіраецца вымагаць за іх грошы? Таму патрабую, каб старшыня КДБ Вадзім Зайцаў разабраўся ў сітуацыі і найперш высветліў, чаму яго падначаленыя не адказваюць мне своечасова. Яны парушаюць указ аб зваротах грамадзянаў, і я мяркую, што вінаватых трэба пакараць», – кажа Л.Кавалёва.

«Мяркую, не варта забывацца, што нацыянальная бяспека нашай краіны ажыццяўляецца і за кошт падаткаў грамадзянаў. Я, як грамадзянка Рэспублікі Беларусь, шмат гадоў запар спраўна плачу падаткі. Хаця б таму я маю права разлічваць на паважнае стаўленне да сябе. І я настойваю, каб мне далі адказ па сутнасці, а таксама прыцягнулі да адказнасці асобаў, вінаватых у бюракратычнай валакіце», – напісала Кавалёва ў лісце да  старшыні КДБ.

Маці Уладзіслава Кавалёва зазначае, што паперы сына – гэта яго асабістыя рэчы і што яны проста зніклі ў СІЗА КДБ: іх не даслалі дадому, але і не прадставілі дакументаў пра тое, што іх далучылі да матэрыялаў справы або знішчылі.

«Я не атрымала ніякіх дакументаў аб тым, напрыклад, што запісы сына былі знішчаныя ў законным парадку», — сказала маці пакаранага.

Зрэшты, знішчаць іх ніхто не мае права: знішчэнню падлягалі толькі некаторыя рэчавыя доказы па справе выбуху ў мінскім метро. А запісы Уладзіслава, мяркуе маці, могуць утрымліваць нейкія важныя звесткі, напрыклад, датычныя парушэнняў ва ўтрыманні ў СІЗА, і таму іх канфіскавалі.

Маці пакаранага лічыць следства, судовы працэс і смяротнае пакаранне Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва несправядлівымі і спадзяецца, што ў будучыні гэтая справа будзе перагледжана.

Артыкулы па тэме

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў расстраляныя (абноўлена)

У Беларусі можа з’явіцца вызначэнне тэрміну “катаванне”

Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь пастанавіў: расстраляць