«Смяротнае пакаранне – гэта жорсткая і нялюдская практыка. Ёй няма месца ў XXI стагоддзі.
Сёлета Сусветны дзень барацьбы за адмену смяротнага пакарання прысвечаны пытанню злачынстваў, звязаных з тэрарызмам. У 65 краінах свету захоўваецца смяротнае пакаранне за здзяйсненне такіх злачынстваў. Для таго, каб быць законнымі і эфектыўнымі, меры па барацьбе з тэрарызмам, як і ўсе аперацыі па забеспячэнні бяспекі, павінны грунтавацца на павазе правоў чалавека і вяршэнства права.
У той жа час смяротныя прысуды па абвінавачванні ў тэрарызме часцяком выносяцца па выніках хуткага, але няправеднага разбіральніцтва ў ваенным або спецыяльным судзе. Прызнанні часта здабываюцца пад ціскам або з ужываннем іншых метадаў, якія не дапускаюць права на апеляцыю. Некаторыя дзяржавы спрабуюць нават крыміналізаваць законнае ажыццяўленне асноўных свабодаў на аснове ўключэння расплывістых азначэнняў у заканадаўства па барацьбе з тэрарызмам.
Мы павінны ясна заявіць: удзел у мірных акцыях пратэсту і крытыка ўрада – няхай гэта будзе ў прыватным парадку, у Інтэрнэце або ў сродках масавай інфармацыі – не з’яўляюцца ні злачынствамі, ні тэрарыстычнымі актамі. Пагроза прымянення смяротнага пакарання ці яго прымяненне ў такіх выпадках уяўляюць сабой абуральнае парушэнне правоў чалавека.
Некаторыя могуць сцвярджаць, што прымяненне смяротнай кары прывядзе да зніжэння пагрозы тэрарызму. Гэта не так. Вопыт паказвае, што пакаранне тэрарыстаў выкарыстоўваецца іх арганізацыямі ў мэтах прапаганды шляхам стварэння вобразу пакутнікаў, што прыводзіць да павышэння эфектыўнасці злавесных кампаній па наборы новых прыхільнікаў.
Падтрыманне вяршэнства права і павага правоў чалавека, нават перад тварам тэрарызму і гвалтоўнага экстрэмізму, – гэта абавязак, выкананне якога прывядзе да ўмацавання магчымасцяў грамадства па барацьбе з тэрарыстычнымі пагрозамі.
Давайце ж працягваць нашую працу ў мэтах паўсюднай адмены смяротнага пакарання пры любых абставінах.
Давайце таксама заўсёды кіравацца ў сваіх дзеяннях маральным компасам правоў чалавека, які паказвае найлепшы шлях да пабудовы больш абароненага, справядлівага і бяспечнага свету».
Артыкулы па тэме