2 лістапада 2012 года 41 асобнік альбома “Прэс-фота Беларусі – 2011” быў канфіскаваны ў фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковича на памежным пераходзе паміж Літвой і Беларуссю. Пазней Ашмянскае аддзяленне мытні праінфармавалафатографаў, што дадзеная друкаваная прадукцыя “на аснове вынікаў правядзення мытнай экспертызы прызнаецца незаконнай і падлягае знішчэнню”.
19 студзеня 2013 года ў тэлефоннай размове з прадстаўнікамі Беларускай асацыяцыі журналістаў супрацоўнікі мытні паведамілі, што асобнікі былі перададзеныя ў КДБ. Па справе, распачатай КДБ,у суд выклікаюць Юлію Дарашкевіч, фатографку і арганізатарку конкурсу «Прэс-фота Беларусі». Экспертыза канфіскаваных летась на мытні альбомаў «Прэс-фота Беларусі» за 2011 год прызнала іх экстрэмісцкімі. Такую ж позву атрымаў і фатограф Вадзім Заміроўскі. На 17 красавіка Юлія Дарашкевіч выклікана ў суд Ашмянскага раёна ў якасці “зацікаўленага асобы. Разам з позвай яна атрымала копію заявы, якое УКДБ па Гродзенскай вобласці накіравала ў суд.З заявы вынікае, што фотаальбом прызнаны экстрэмісцкім на падставе экспертнай ацэнкі. Экспертызу рабілі выкладчыкі Гродзенскага ўнівэрсытэту і мясцовыя ідэолагі. Яны прыйшлі да высновы, што ў фотаальбом “змяшчаюцца наўмысна скажоныя, якія не адпавядаюць рэчаіснасці выдумкі аб жыццядзейнасці Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, якія прыніжаюць нацыянальную гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь”.
Юлія Дарашкевіч не ведае, якія менавіта здымкі маглі стаць падставай для такога заключэння камісіі, аднак адзначае, што гэты альбом фіксаваў падзеі, якія адбыліся ў 2010 годзе: «Гэта вельмі дзіўна, бо гэта зрэз таго, што адбылося за той год. Ён адлюстроўвае навіны і культурныя падзеі, спорт і прыроду. Мы не можам казаць, што ўсе здымкі негатыўныя. Але фотажурналісты адлюстроўваюць рэчаіснасць такой, якая яна ёсць на самой справе. І місія фотажуржурналіста падымаць праблемы, прыцягваць увагу гледачоў да гэтых праблемаў».
Беларуская асацыяцыя журналістаў: “Фотаздымкі не ствараюць, а толькі адлюстроўваюць рэчаіснасць”
10 красавіка Беларуская асацыяцыя журналістаў апублікавала адкрыты зварот да да начальніка УКДБ па Гродзенскай вобласці, які ініцыюе суд аб прызнанні фотаальбома “Прэс-фота Беларусі 2011” экстрэмісцкім.
“Мы лічым, што сам факт судовага разгляду пытання пра “экстрэмізм” у фотаздымках з’яўляецца абсурдным. Фотаздымкі гэтага альбома не ўтрымліваюць заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасці і не прапагандуюць яе. Фотаздымкі не ствараюць, а толькі адлюстроўваюць рэчаіснасць. Яны па вызначэнні не могуць “утрымліваць свядома скажоных, не адпаведных рэчаіснасці домыслаў пра жыццядзейнасць Рэспублікі Беларусь” (цытата з дакумента, падпісанага Вамі)”, – гаворыцца ў заяве.
“Беларускі ПЭН-Цэнтр” таксама звярнуўся з заявай у абарону незалежных фатографаў. “Рада РГА “Беларускі ПЭН-Цэнтр” разглядае дзеянні адказных за ўзбуджэнне названай справы асоб як праяву пераследу вышэйзгаданых журналістаў за іх творчасць і іх перакананні, што наўпрост супярэчыць Канстытуцыі, а таксама ўзятым на сябе Рэспублікай Беларусь міжнародным абавязацельствам у галіне абароны найважнейшых правоў чалавека”, – заявілі аўтары звароту. У заяве таксама змешчаны заклік спыніць незаконны пераслед журналістаў і творцаў.
***
«Прэс-фота Беларусі» — гэта адкрыты незалежны конкурс прэс-фатаграфіі ў Беларусі, які праводзіцца штогод, пачынаючы з 2010 года. Фотаздымкі-фіналісты конкурса друкуюцца ў выглядзе альбома (часам – таксама календара).
Артыкулы па тэме
Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў асудзіла парушэнні правоў НДА ў доступе да фінансавання
Камітэт абароны журналістаў заклікаў улады Беларусі спыніць ціск на журналістку Ірыну Халіп
Журналіст Андрэй Пачобут: «Буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць»