Як паведаміла Любоў Кавалёва, яе паўторны зварот да Зайцава быў атрыманы ў КДБ 16 ліпеня, пра што ёй паведамілі, аднак адказу пакуль не было.
Любоў Кавалёва распавяла, што першую скаргу на імя старшыні КДБ Вадзіма Зайцава накіравала яшчэ 4 чэрвеня. Адказу няма дагэтуль, калі не лічыць дзіўны званок на яе мабільны тэлефон.
“19 чэрвеня мне патэлефанавала нейкая жанчына. Імя свайго не назвала, але сказала, што яна працуе ў СІЗА КДБ і што ўсе рэчы Уладзіслава яны мне вярнулі. Яна “адрапартавала” гэта за паўхвіліны і кінула слухаўку, не даўшы мне магчымасці нават перапытаць яе пра нешта. Што гэта такое? Чаму замест пісьмовага адказу на маю пісьмовую скаргу, як таго патрабуе заканадаўства, я мушу верыць нейкім тэлефонным званкам? Праз тэлефон пасведчання не відаць – я так і пішу Вадзіму Зайцаву ў паўторнай скарзе”, – распавяла Любоў Кавалёва.
Яна кажа, што ўвогуле не мае даверу да супрацоўнікаў СІЗА КДБ і не схільная верыць іх словам:
“Ужо быў сумны досвед. Я перадавала ў СІЗА КДБ перадачы з прадуктамі, мне адказвалі, што ўжо перадалі іх Уладзіславу… А потым, калі яго расстралялі, мы атрымалі з СІЗА КДБ рэчы сына, і сярод іх былі тыя самыя прадукты – у непашкоджаных упакоўках. Значыць, да Улада яны так і не трапілі! Сярод дасланых рэчаў была і жоўтая папка, якую нам даслалі пустой – а менавіта з ёй сын хадзіў на судовыя пасяджэнні і менавіта там захоўваў запісы, якія вёў па справе. Куды падзеліся паперы? Яны не былі ў пераліку рэчаў, якія мусілі быць знішчаныя паводле судовага рашэння; нам не даслалі ніякіх дакументаў і пра тое, напрыклад, што яны далучаныя да справы пра тэракт. Можа, іх згубілі? А можа, проста не аддаюць, каб зрабіць прадметам нейкіх спекуляцый?”
Маці расстралянага настойвае на тым, каб старшыня КДБ разабраўся, што робіцца ў падпарадкаваным яму СІЗА, і даў ёй пісьмовы адказ. Любоў Кавалёва шукае сынавы запісы, бо апошняй ягонай воляй было, каб яна іх захавала. Пра гэта напісана ў лістах дадому, таму знішчыць іх па ўласнай волі Уладзіслаў Кавалёў не мог.
Яна мяркуе, што ў запісах сына маглі згадвацца нейкія парушэнні ва ўтрыманні ў СІЗА, і таму іх забралі. «Але я не атрымала ніякіх дакументаў пра тое, напрыклад, што запісы сына былі знішчаныя ў законным парадку», — сказала маці пакаранага смерцю.
Нежаданне аддаць ёй сынавы запісы яна лічыць дадатковай прычынай для недаверу следству і суду па справе мінскага тэракта 11 красавіка 2011 года.
Артыкулы па тэме
Любоў Кавалёва шукае запісы сына, якія зніклі пасля яго расстрэлу
Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў расстраляныя (абноўлена)