На сайце Праваабарончага цэнтра “Вясна” з’явілася інфармацыя пра ціск з боку КДБ на актывіста Уладзіслава Ярашова, які збірае подпісы ў падтрымку дэмакратычнага кандыдата ад Руху “За свабоду” Уладзіміра Пунчанкі. Паводле прыведзеных звестак, 14 жніўня супрацоўнік КДБ знянацку фактычна ўламіўся ў кватэру да Ярашова. У якасці мэты візіту была заяўленая неабходнасць паразмаўляць аб справах дзяржаўнай бяспекі.
Супрацоўнік КДБ распытваў Ярашова пра тое, колькі плацяць за подпісы, хто кіруе і арганізоўвае гэты працэс. КДБіст пагражаў Уладзіславу, які з’яўляецца студэнтам-эканамістам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова, адлічэннем з вучобы за ягоную працу ў камандзе апазіцыйнага кандыдата, а таксама прапаноўваў супрацоўніцтва з КДБ. Размова доўжылася 20 хвілін.
Уладзіслаў адзначыў, што прадстаўляўся візіцёр выключна супрацоўнікам КДБ, аднак імя і прозвішча сваё не называў.
15 жніўня інфармацыя пра гэты візіт з’явілася на сайце Праваабарончага цэнтра “Вясна”. На наступны день пасля публікацыі Уладзіславу Ярашову патэлефанавалі супрацоўнікі КДБ і папрасілі яго прыйсці да іх на размову. Хлопец адмовіўся сустракацца з чэкістамі без позвы. Праз некаторы час позву прывезлі Уладзіславу дамоў і разам з супрацоўнікамі КДБ хлопца на машыне даставілі ў будынак Камітэта дзяржбяспекі. Там амаль цягам гадзіны адбывалася размова.
Напрыканцы размовы Уладзіслаў Ярашоў даў падпіску аб тым, што не будзе распаўсюджваць несапраўдную інфармацыю.
Таццяну Равяку выклікаў супрацоўнік КДБ, які раней прадстаўляўся іншым прозвішчам
Праз дзень пасля публікацыі, раніцай 17 жніўня, сябру Рады Праваабарончага цэнтра “Вясна” і Прэзідэнту Беларускага Дома правоў чалавека Таццяне Равяцы (на фота) са схаванага нумару патэлефанаваў супрацоўнік КДБ і прапанаваў пад’ехаць да іх для размовы. Праваабаронца запатрабавала даслаць ёй афіцыйную позву. У адказ Таццяна пачула: “Калі вы на працы, на “Вясне”, то мы зараз позву вам падвязем. Толькі давайце зробім гэта непублічна”. Праз некаторы час супрацоўнік КДБ, які прадставіўся як капітан Рубінаў Аляксандр Мікалаевіч, уручыў праваабаронцы позву на 12 гадзін, у якой была пазначана прычына выкліку: “у якасці асобы, якая дасведчаная аб абставінах, якія маюць значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”.
Як паведаміла Таццяна Равяка пасля размовы з супрацоўнікам КДБ, яго цікавіла размешчаная на сайце spring96.org 15 жніўня інфармацыя пра ціск з боку КДБ на Уладзіслава Ярашова. У праваабаронцы запытваліся аб тым, адкуль была атрыманая гэтая інфармацыя, ці з’яўляецца Равяка яе аўтарам, ці правярала яна выкладзеныя ў матэрыяле факты непасрэдна ў КДБ.
Таццяна Равяка была папярэджаная аб тым, каб неправераная інфармацыя аб органах дзяржбяспекі не змяшчалася на сайце арганізацыі, бо, размяшчаючы яе, яна тым самым дыскрэдытуе ня толькі органы дзяржбяспекі, але і ўсю Рэспубліку Беларусь.
У сваю чаргу, як адзначае спадарыня Равяка, метады дзеянняў супрацоўнікаў КДБ выклікаюць не меней пытанняў. Яна згадвае, што супрацоўнік, які ўручаў ёй позву, летась праводзіў ператрус у офісе «Вясны». Тады ён фігураваў зусім пад іншым прозвішчам:
«Хацела б адзначыць, што адносна таго чалавека, які прадставіўся мне сёння як капітан Рубінаў, у мяне вялікі сумнеў, што гэта сапраўды ён. Бо гэты чалавек як Аляксандар Мацкевіч — а не Аляксандар Рубінаў — прысутнічаў пры правядзенні ў нас ператрусу 17 студзеня 2011 года. Так што ў мяне, у сваю чаргу, ёсць пытаньні да КДБ адносна праўдзівасці той інфармацыі і тых звестак, якія яны даюць людзям, якіх апытваюць па розных справах. Зараз я хацела б вось на гэтым акцэнтаваць увагу: якім чынам я буду дбаць пра імідж КДБ, калі яны самі, нават называючы свае прозвішчы, хлусяць?».
Артыкулы па тэме
Ва ўчастковых выбарчых камісіях для прадстаўнікоў апазіцыі месцаў няма
Чым бліжэй выбары, тым большы ціск на грамадзянскую супольнасць Беларусі