28 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску Алесь Міхалевіч паведаміў, што падвяргаўся катаванням у СІЗА КДБ. Таксама ён расказаў, што ўмовай яго вызвалення з СІЗА была падпіска аб супрацоўніцтве з КДБ.

Паводле Алеся Міхалевіча, да вязняў СІЗА КДБ прымяняліся такія катаванні: ставілі на расцяжку ў кайданках; выводзілі на холад; прымушалі стаяць ля сцяны па 40 хвілін; не выключалі электрычнае святло; падлогу ў камеры фарбавалі фарбай на ацэтоне, прымушаючы вязняў дыхаць; утрымлівалі ў перапоўненай камеры; не дапускалі адвакатаў; дапытвалі без адвакатаў.

Загаварылі і іншыя
Пасля публічнай заявы Міхалевіча пра катаванні ў сценах СІЗА КДБ загаварылі і іншыя вязні і іх блізкія. Дар’я Корсак, жонка Аляксандра Атрошчанкава, сказала, што яе муж пацвердзіў: вязняў СІЗА КДБ катуюць менавіта такімі спосабамі, якія апісваў Міхалевіч.

На прэс-канферэнцыі кампаніі “Страху няма” 3 сакавіка Валерый Кавалеўскі, што з 25 па 28 снежня знаходзіўся ў СІЗА КДБ, таксама пацвердзіў словы Міхалевіча пра катаванні ў дачыненні да вязняў. Кавалеўскі таксама не выключае, што падобным катаванням маглі падвяргацца і іншыя вязні.

КДБ “не верыць”
У сваю чаргу Аляксандр Антановіч, начальнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ, абверг заяву Міхалевіча аб умовах утрымання ў СІЗА КДБ.

“Што датычыцца прымянення катаванняў, то гэта заява адназначна не адпавядае рэчаіснасці”, — сказаў Антановіч.

Паводле Антановіча, больш падрабязную інфармацыю ён зможа даць пасля таго, як азнаёміцца з заявай Міхалевіча.

Рэакцыя ў грамадстве
Прымяненне катаванняў забаронена міжнароднымі дамовамі, паводле якіх катаванні прызнаныя цяжкім злачынствам,і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. 

Гэтым тлумачыцца занепакоенасць грамадскасці і праваабаронцаў і патрабаванні арганізаваць праверкі ў СІЗА КДБ.

“Беларускі Хельсінкскі Камітэт” накіраваў у Генпракуратру зварот, у якім праваабаронцы настойваюць на  правядзенні праверкі па фактах ужывання ў дачыненні да палітыка катаванняў.

***
Варта нагадаць, што ў снежні 2010 году і студзені 2011 году Генпракуратура ўжо правярала ўмовы, у якіх утрымліваюцца людзі ў СІЗА КДБ. 27 студзеня на прэс-канферэнцыі генеральны пракурор Рыгор Васілевіч паведаміў, што ніякіх скаргаў ад кандыдатаў на прэзідэнты і іх давераных асобаў не паступала.

Таксама ў снежні 2010 году групай беларускіх праваабаронцаў у ААН быў прадстаўлены даклад, што тычыўся абавязкаў Беларусі згодна з Канвенцыяй ААН супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Ужо тады праваабаронцы адзначалі сваю занепакоенасць сітуацыяй з катаваннямі і заяўлялі пра сваю гатоўнасць сумесна з пракуратурай, МУС і іншымі дзяржаўнымі органамі канструктыўна падыходзіць да вырашэння гэтай праблемы.

Абвінавачаныя па справе “аб масавых беспарадках”, якія зараз знаходзяцца на волі, таксама накіравалі да генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь зварот, у якім змешчана просьба правесці незалежнае расследаванне па фактах жорсткага абыходжання са зняволенымі, арганізаваць праверку ўмоў утрымання вязняў у СІЗА КДБ і зняць палітычна матываваныя абвінавачанні.

Documents: