Заяўнікі апеляцыяў на суд не з’явіліся, паколькі пададзеныя касацыйныя скаргі не былі разгледжаныя аператыўна ў належны час, тады, калі пакараныя ўдзельнікі акцыі памяці ў знак пратэсту трымалі галадоўку. Такім чынам, скаргі разглядаліся судом без прысутнасці дэмакратычных актывістаў. Адзін з іх – рэгіянальны кіраўнік руху “За свабоду” Уладзімір Кацора растлумачыў адсутнасць заяўнікаў на судзе наступным чынам:
"Цалкам было зразумела, якое рашэнне будзе вынесенае. І таму не мела сэнсу хадзіць на гэты так званы суд”.
У. Кацора за ўдзел у акцыі памяці апазіцыйнага генерала быў пакараны судом Цэнтральнага раёна арыштам на трое сутак. Астатнія чацвёра атрымалі пакаранне ў выглядзе штрафу.
Нагадаем, што некалькі гадоў таму Вярхоўным судом Рэспублікі Беларусь па аналагічнай справе было вынесенае азначэнне, у якім тлумачылася: людзі, што стаяць на гарадскіх вуліцах і трымаюць партрэты ў руках, не з’яўляюцца ўдзельнікамі масавага мерапрыемства. У сувязі з гэтым адзін з пакараных дэмакратычных актывістаў, каардынатар руху “Гомельскі дэмакратычны форум” Пётр Кузняцоў адзначае:
“Улада нашымі судовымі справамі "выпраўляе" памылку Вярхоўнага суду, якую той зрабіў раней. У сённяшняй сітуацыі “памылка” не дазваляла ўладзе падаўляць у поўнай ступені акцыі пратэсту. Цяперашнім рашэннем яна стварае новыя механізмы, дзякуючы якім можна прыцягваць да адказнасці грамадскіх актывістаў. У гэтым увесь сэнс нашай справы”.
Гомельскія актывісты збіраюцца абскарджваць пакаранне за акцыю памяці зніклага генерала Захаранкі ў Вярхоўным судзе. Калі скаргі апошнім таксама будуць адхіленыя, яны, па словах аднаго з актывістаў старшыні абласной арганізацыі АГП Васіля Палякова, наважаныя звяртацца ў Камітэт ААН па правах чалавека.