Разгляд касацыйнай скаргі ў абласным судзе пачаўся яшчэ 10 красавіка.Тады было прынятае рашэнне накіраваць Каваленку на комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянара. У выніку апазіцыянер быў накіраваны ў РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, дзе амаль на працягу месяца праводзілі экспертызу яго псіхічнага здароўя. Эксперты прызналі яго псіхічна здаровым. 18 мая скарга была адхіленая.
Цяпер будуць судзіць і блізкіх Каваленкі
Перад пасяджэннем суда раніцай 18 мая была затрыманая жонка Сяргея Каваленкі Алена, якая пісала на асфальце перад судом «Свабоду Сяргею Каваленку». Затрыманне адбылося каля 5.40 раніцы. Разам з жонкай Каваленкі былі затрыманыя актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Алена Семенчукова і стрыечны брат Сяргея Каваленкі. Такім чынам затрыманыя хацелі выказаць салідарнасць з вязнем, які другі раз распачаў галадоўку пратэсту.
«Нас затрымалі міліцыянты, якія ўжо ад самага ранку пільна ахоўвалі судовы будынак. У Алены Каваленкі забралі фотаапарат, нас павезлі ў Кастрычніцкі РАУС», — паспела паведаміць актывістка Алена Семенчукова.
Іх вінавацяць у дробным хуліганстве. У рапарце міліцыянты напісалі, што затрыманыя нібыта парушылі грамадcкі спакой пры дапамозе аэразольных балончыкаў і трафарэтаў.
Алена Семенчукова распавяла, што затрыманне было жорсткім:
«Мы зрабілі трафарэт „Свабоду Каваленку“, пачалі маляваць. З усіх бакоў пачалі падбягаць міліцыянты, пад’ехалі тры машыны. Яны лаяліся: „Стаяць, сукі, страляць будзем!“ Сілай запхнулі ў машыну. У Алены Каваленкі сінякі на руках засталіся. Нас трымалі ў Кастрычніцкім РУУС, нас дапыталі, абшукалі. [Нам інкрымінуюць] Артыкул 17.1 [дробнае хуліганства]. Нібыта мы з хуліганскіх матываў усё гэта рабілі».
Суд над братам і жонкай Каваленкі і актывісткай Семенчуковай адбудзецца 30 мая.
Сяргей Каваленка аднавіў галадоўку
Папярэдне стала вядома, што 8 траўня Сяргей Каваленка аднавіў галадоўку. Палітвязень пратэстуе супраць незаконнага, як ён лічыць, прысуду.
Цяпер актывіст КХП БНФ, галадоўнік Сяргей Каваленка вылучыў новыя патрабаванні. Апроч перагляду ягонай справы, Каваленка таксама патрабуе вызвалення ўсіх палітычных вязняў і свабоды выкарыстання нацыянальнай сімволікі.
Жонка актывіста Алена Каваленка апавядае:
«Сяргей аднавіў галадоўку 8-га мая, калі быў змешчаны ў СІЗА-2 Віцебска. Апошні раз ён еў, як мне стала вядома, у цягніку, калі яго этапавалі. Аднавіў, я думаю, таму, што так і не была аказаная кваліфікаваная медыцынская дапамога. Апошні сродак абароны сваёй невінаватасці і годнасці – гэта галадоўка. Яму не пакінулі іншых шанцаў».
Сяргея змясцілі ў той самы ізалятар ў Віцебску, дзе ў снежні адносна яго чынілі правакацыі.
Цяпер, паводле Алены Каваленка, фізічны стан яе мужа вельмі дрэнны, але яму адмаўляюць у кваліфікаванай медычнай дапамозе.
«Згодна з канвенцыяй аб абароне правоў чалавека, якую падпісала Беларусь, і з Канстытуцыяй нашай краіны кожны чалавек мае права на медычную дапамогу, дзе б ён ні знаходзіўся, калі ёсць дзеля гэтага медычныя паказнікі, а ў Сяргея яны вельмі сур’ёзныя. Толькі чамусьці такога права ён пазбаўлены. За што яго знішчаюць? За любоў да Радзімы, роднай мовы і павагу да нацыянальных сімвалаў», — заявіла Алена Каваленка.
***
Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка быў асуджаны на два гады і месяц зняволення за парушэнне хатняй «хіміі», якую атрымаў за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску. З сярэдзіны снежня 2011 г. да канца сакавіка 2012 г. з перапынкам на 20 дзён Каваленка трымаў галадоўку, за час якой схуднеў да менш як 50 кілаграмаў вагі. Падчас знаходжання ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры псіхічнага здароўя (Навінкі) на псіхіятрычнай экспертызе Каваленка набраў каля 10 кілаграмаў вагі. Колькі ён важыць цяпер, невядома.
Артыкулы па тэме
Палітвязень Каваленка не можа дасылаць лісты на волю
Паводле турэмнага лекара, Сяргей Каваленка мае «скрайнюю ступень абяссілення»