11 траўня ў Мінску за Плошчу судзілі 27 чалавек. У некалькіх судах Мінску судзілі абвінавачаных у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак: экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Уса, Уладзімера Някляева, Віталя Рымашэўскага, а таксама Ірыну Халіп, Паўла Севярынца, Сяргея Марцалева, Андрэя Пазняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзмітрыя Буланава, Андрэя Дзмітрыева, Аляксандра Фядуту, Насту Палажанку і Сяргея Вазняка.
Разглядалася крымінальная справа за арганізацыю масавых беспарадкаў экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава (на фота), Іллі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзіміра Яроменкі. Таксама праходзілі суды над Дзмітрыем Дароніным, Сяргеем Казаковым, Уладзімірам Лобанам, Віталем Мацукевічам, Яўгенам Сакрэтам і Алегам Федаркевічам, абвінавачанымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня.
Татальная праслухоўка
На судзе абвінаваўца паведаміў, што некалькі тэлефонаў Някляева праслухоўваліся з 9 па 18 снежня з санкцыі намесніка генеральнага пракурора Віктара Конана. У судзе над экс-кандыдатам у прэзідэнты Уладзімірам Някляевым пракурор па ролях зачытваў раздрукоўкі тэлефонных размоў Някляева з Андрэем Саннікавым, а таксама з журналістамі «Народнай Волі», радыё «Коммерсант FM», Радыё Свабода.
У працэсе экс-кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі (на фота) заявіў, што "слухаць чужыя размовы непрыстойна”, і ён лічыць некарэктным прысутнічаць у залі, паколькі яго асабіста гэтыя размовы не тычацца. Але суддзя сказала, што ён мусіць застацца.
У перапынку Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сітуацыю:
«Для ўмоваў Рэспублікі Беларусь гэта нармальная з’ява, як паказалі судовыя працэсы. Гэта норма нашага жыцця. У еўрапейскім, дэмакратычным судзе, пэўна, не. Па-чалавечы можна абурацца, але нічога нечаканага для мяне няма, на жаль. Хаця, безумоўна, ганебна. Я б не хацеў, шчыра кажучы, ні прысутнічаць, ні слухаць усе гэтыя рэчы. Але вымушаны».
Жорсткія прысуды
12 траўня былі вынесеныя прысуды Дзмітрыю Дароніну, Сяргею Казакову, Уладзіміру Лобану, Віталю Мацукевічу, Яўгену Сакрэту, Алегу Федаркевічу, абвінавачаным у масавых беспарадках. Яны былі асуджаныя на тэрміны ад 3 да 3,5 гадоў турэмнага зняволення.
Пра тое, як трымаліся ў судзе абвінавачаныя праваабаронца Уладзімер Лабковіч сказаў так:
“Мы маем справу з палітычнымі рэпрэсіямі. Бачна, што віна гэтых людзей не даказаная. Добра ведаючы, што іх словы паўплываюць на колькасць гадоў, якія ім будуць адмераныя, што кожнае слова — дадатковы год, які ім будзе дакінуты ў судзе, — нават пры гэтым яны дэманструюць сваю мужнасць і грамадзянскую пазіцыю. І гэтыя свае перакананні яны маюць і надалей”.
Кэтрын Эштан за эканамічныя санкцыі
У сераду вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан (на фота) выступіла ў Еўрапейскім парламенце, дзе заявіла, што Лукашэнка не пакінуў Еўразвязу іншага выбару, акрамя дзеянняў супраць ягонага рэжыму, перадае «Інтэрфакс Захад».
«Ён (Лукашэнка) не скарыстаўся прадстаўленай магчымасцю, ён скарыстаўся гвалтам супраць мірных маніфестантаў, ён павялічыў колькасць палітычных зняволеных, дэманструючы тым самым сваю пагарду да дэмакратыі і прававой дзяржавы», — сказала К. Эштан.
Адным з ключавых тэзісаў выступу К. Эштан у цэлым быў заклік не абмяжоўвацца рэакцыяй ў форме заяў і пратэстаў у дачыненні да рэжымаў, што ацэньваюцца як антыдэмакратычныя, а прадпрымаць супраць іх канкрэтныя дзеянні.
Або палітвязні, або хакей
Сітуацыя з палітычнымі зняволенымі ў "хакейнай супердзяржаве" пад кіраўніцтвам "хакеіста №1" (на фота) непакоіць таксама Прэзідэнта Еўрапейскага парламенту Ежы Бузэка. Так, Бузэк разам з іншымі вядучымі дэпутатамі Еўрапарламенту звярнуўся да старшыні Міжнароднай фэдэрацыі хакею з заклікам прыпыніць правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску 2014 году пакуль у Беларусі ня будуць вызваленыя ўсе палітычныя зняволеныя.
У лісце сказана:
"Паводзіны беларускіх уладаў выразна дыскваліфікуюць, пазбаўляючы прывілеяў праводзіць асноўныя спартовыя мерапрыемствы, такія як Чэмпіянат свету 2014 году па хакеі.
Мы настойліва заклікаем Міжнародную федэрацыю хакею прыняць адпаведныя меры для забеспячэння таго, каб Лукашэнка не атрымаў міжнароднага прэстыжу або легітымнасці, якія дае арганізацыя чэмпіянату свету па хакеі 2014 году, пакуль ён не вызваліць усіх палітычных зняволеных.
На працягу амаль двух дзесяцігоддзяў Беларуссю кіруе жорсткі і недэмакратычны рэжым Лукашэнкі. Еўразвяз і ЗША рэзка асудзілі яго дзеянні. Яго рэжым арыштаваў сотні мірных дэманстрантаў, у тым ліку кандыдатаў у прэзідэнты, лідэраў апазіцыі, журналістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, а таксама простых беларусаў.
Чэмпіянат па хакеі 2014 году не можа быць праведзены ў Беларусі ў гэтых жудасных умовах".
***
19 снежня 2010 году ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Выбары суправаджаліся шматлікімі парушэннямі унутранага выбарчага заканадаўства і не адпавядалі міжнародным стандартам. Увечары дзесяткі тысяч людзей сабраліся на дэманстрацыю для мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў. Дэманстрацыя была жорстка разагнаная, і больш за 700 чалавек, у тым ліку кандыдаты ў прэзідэнты,былі збітыя, арыштаваныя ці аштрафаваныя. У гэты дзень пачалася беспрэцэдэнтная хваля палітычна матываваных рэпрэсіяў у Беларусі, што выявіліся ў масавых ператрусах, канфіскацыях абсталявання, пераследзе і доўгіх тэрмінах турэмнага зняволення для тых, хто асмеліўся выказаць свой пратэст.
13 траўня ў Літоўскім Сойме адбудзецца адкрыцце фотавыставы пра падзеі 19 снежня 2010 году ў Мінску. Некалькі дзесяткаў фотаздымкаў, зробленых прафесійнымі беларускімі фатографамі падчас акцыі пратэсту, паказваюць, што насамрэч адбывалася на “Плошчы-2010”.
Фотавыстава арганізаваная Беларускім Домам правоў чалавека і прымеркаваная да 15-годдзя Праваабарончага цэнтру «Вясна».
Артыкулы па тэме
Пратэстоўцаў судзяць, журналістаў збіваюць, праваабаронцаў выганяюць
Дзікае паляванне на журналістаў