4 лістапада стала вядома, што асуджаны да смяротнага пакарання беларус Аляксандр Груноў расстраляны. Яго маці Вольга Грунова распавяла, што атрымала паштовае апавяшчэнне, у якім значылася, што ёй прыйшла пасылка “да запатрабавання”. У гэтай пасылцы былі рэчы, у якіх Аляксандр быў апрануты падчас знаходжання ў камеры смяротнікаў.
Днём раней стала вядома, што Аляксандру Грунову было адмоўлена ў памілаванні: яго справа 13 кастрычніка паступіла ў Гомельскі абласны суд з адпаведнай пазнакай.У Беларусі смяротныя прысуды, як правіла, выконваюцца неадкладна, як толькі адмоўлена ў задавальненні просьбы аб памілаванні. Сем’ям ці законным прадстаўнікам асуджаных не паведамляецца дата выканання прысуду і не гарантуецца апошняе спатканне з асуджаным, пасля расстрэлу цела не выдаецца сям’і для пахавання і не паведамляецца месца пахавання. Так і маці Грунова ў судовым парадку было адмоўлена ў паведамленні пра месца пахавання расстралянага.
“Мала таго, што Беларусь застаецца адзінай у Еўропе, дзе ад імя дзяржавы расстрэльваюць людзей, дык у краіне да гэтага часу прымяняюцца фактычныя катаванні, жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае годнасць абыходжанне са сваякамі пакараных. Мала таго, што мне, як у здзек, даслалі казённую адзежу расстралянага сына з надпісам “ИМН” (выключная мера пакарання) на спіне, дык зладзілі яшчэ і пажыццёвыя катаванні – я да канца дзён не даведаюся, дзе пахаваны сын, да канца дзён не змагу наведаць яго магілу”, – не стрымліваючы слёзы, кажа Вольга Грунова (на фота).
Камітэт ААН па правах чалавека публічна выказаўся ў дачыненні да пакарання смерцю Аляксандра Грунова. Адпаведны прэс-рэліз на англійскай мове апублікаваны на вэб-сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека. Камітэт выказаў сур’ёзную занепакоенасць тым, што Беларусь прывяла ў выкананне смяротнае пакаранне ў дачыненні да чалавека, чыя скарга яшчэ знаходзіцца на разглядзе КПЧ ААН. Аляксандр Груноў звярнуўся ў Камітэт, сцвярджаючы, што судовы разгляд яго справы быў несправядлівым і што ён быў асуджаны на аснове прызнання віны, якое зрабіў без прысутнасці адваката. Згодна з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, КПЧ папрасіў беларускія ўлады прыпыніць выкананне пакарання да разгляду справы. Такія запыты з’яўляюцца абавязковымі з пункту гледжання міжнароднага права.
“Пазіцыя Камітэта па правах чалавека застаецца нязменнай адносна парушэння просьбы Камітэта аб прыняцці часовых мер абароны, каб пазбегнуць непапраўнай шкоды”, – заявіў сэр Найджэл Родлі, старшыня Камітэта. Ён падкрэсліў, што гэта не першы раз, калі Беларусь карае смерцю заяўнікаў, чые справы рэгіструюцца і чакаюць разгляду ў КПЧ ААН, нягледзячы на просьбы прыпыніць выкананне прысуду.
“Гэта сур’ёзнае парушэнне Рэспублікай Беларусь міжнародна-прававых абавязацельстваў”, – заявіў сэр Найджэл. У адпаведнасці са звычайнай практыкай, незалежна ад выканання гэтага смяротнага прысуду, Камітэт па правах чалавека будзе працягваць разглядаць справу Аляксандра Грунова.
Нагадаем, што раней Беларусь і раней прымяняла смяротнае пакаранне ў дачыненні да тых, чые справы знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека: 18 Сакавіка 2010 года – Васіль Юзэпчук і Андрэй Жук;19 Ліпеня 2011 года – Андрэй Бурдыка і Алег Грышкаўцоў; 15 сакавіка 2012 г. – Уладзіслаў Кавалёў;17 красавіка 2014 года – Павел Сялюн. Што датычыцца расстраляных Уладзіслава Кавалёва, Андрэя Жука ды Васіля Юзэпчука, Камітэт разгледзеў справы і ўсталяваў, што Рэспубліка Беларусь парушыла іх права на жыццё, бо яны былі асуджаныя да смерці па выніках несправядлівага судовага разбору. Разгляд спраў Алега Грышкаўцова, Андрэя Бурдыкі, Паўла Сялюна, Аляксандра Грунова ў Камітэце будзе працягнуты.
Камітэт па правах чалавека ААН таксама неаднаразова крытыкаваў беларускае заканадаўства, заклікаў дзяржаву спыніць катаванні сваякоў расстраляных. У справе “Любоў Кавалёва і Таццяна Казяр супраць Беларусі” , датычнай пакарання смерцю Уладзіслава Кавалёва, Камітэт ААН указаў, што “поўная сакрэтнасць вакол даты экзекуцыі і месца пахавання, а таксама адмова ў выдачы цела для пахавання ў адпаведнасці з рэлігійнымі перакананнямі і звычаямі сям’і пакаранага зняволенага ствараюць эфект запалохвання і пакарання сям’і шляхам наўмыснага пакідання іх у стане невядомасці і псіхічнага стрэсу, што ўяўляе сабой бесчалавечнае абыходжанне”.
Такім чынам, смяротнае пакаранне – адна з самых вострых і балючых тэм у сферы правоў чалавека ў Беларусі. Не адзін год праваабаронцы займаюцца гэтым пытаннем, звяртаючы на яго ўвагу беларускіх уладаў і міжнародных структур, адсочваючы справы тых, хто быў асуджаны на смяротнае пакаранне, і дапамагаючы іх сваякам. 10 снежня па ўсім свеце адзначаецца Дзень правоў чалавека і ўжо традыцыйна да гэтага дня Беларускі Дом правоў чалавека рыхтуе і ладзіць мерапрыемствы, якія дапамагаюць звярнуць увагу на праблему смяротнага пакарання ў Беларусі. Так і сёлета 9 снежня пасля дыскусіі з былымі палітзняволенымі і іх блізкімі і абмеркавання агульнай сітуацыі з правамі чалавека, у Сойме Літоўскай Рэспублікі будзе арганізавана адкрыццё выставы беларускага фатографа Сяргея Балая “Вышэйшая мераі”, дзе будуць прадстаўлены фотаздымкі маці беларусаў, пакараных смерцю. Перад гасцямі выступіць каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда, які зможа даць самую актуальныую інфармацыю па тэме смяротнага пакарання ў Беларусі.
Артыкулы па тэме
Беларускія праваабаронцы змагаюцца супраць смяротнага пакарання праз Камітэт па правах чалавека ААН