“Роўныя правы без кампрамісаў?”
Прыкладна 30 чалавек прынялі ўдзел у акцыі “Славянскі гей-прайд 2010”, якая 15 траўня прайшла на адной з цэнтральных вуліц беларускай сталіцы. Удзельнікі шэсця з 12-мятровым вясёлкавым сцягам скандавалі: “Не гамафобіі!”, “Роўныя правы без кампрамісаў!”, “Гамафобія — гэта хвароба!” і іншыя.
Але шэсце было нядоўгім: дэманстранты прайшлі па пешаходнай частцы вуліцы некалькі дзесяткаў метраў. Правёўшы кароткі мітынг, дзе ўдзельнікі выказаліся аб існаванні праблемы гамафобіі ў беларускім грамадстве, прыніжэнні сваіх правоў, дэманстранты паспрабавалі рушыць далей. Але супрацоўнікі спецыяльнай службы АМАП жорстка і хутка спынілі акцыю.
Восем чалавек, у тым ліку два жыхары Санкт-Пецярбурга, былі затрыманыя АМАПам з ужываннем сілы. Іх пагрузілі ў міліцэйскія машыны і аўтобусы і павезлі ў бліжэйшае аддзяленне міліцыі. Увечары ж затрыманыя ўдзельнікі шэсця ў межах форума “Славянскі гей-прайд 2010” з аддзялення міліцыі былі дастаўленыя у турму часовага зняволення на вуліцы Акрэсціна.
Беларуская праваабарончая арганізацыя “Вясна”, асуджаючы дзеянні ўладаў, у адпаведнай заяве канцэнтруе ўвагу на парушэнне “канстытуцыйных правоў удзельнікаў шэсця, а таксама міжнародных нормаў у галіне правоў чалавека. Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў чарговы раз заклікае ўлады Беларусі да павагі правоў чалавека і забеспячэння свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання усім грамадзянам, без усялякай дыскрымінацыі па якіх бы то не было прыкметах, у тым ліку па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі, – сказана ў прынятай заяве праваабаронцаў.
Гей? Плаці штраф
Суды над затрыманымі прайшлі 17 траўня. Паводле вынікаў судовых працэсаў, усіх удзельнікаў шэсця супраць гамафобіі прызналі вінаватымі ў арганізацыі несанкцыянаванай акцыі. Суд прызнаў іх вінаватымі ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння, звязанага з удзелам у несанкцыянаваным публічным мерапрыемстве, і аштрафаваў на мінімальную суму ў памеры 17,500 беларускіх рублёў (каля 7 даляраў ЗША).
Нагадаем, Менскі гарвыканкам забараніў запланаваны на 15 траўня “Славянскі гей-прайд 2010”, удзельнікі якога планавалі сабрацца ў самым цэнтры беларускай сталіцы і прайсці па галоўнаму праспекту. Арганізатары мерапрыемства былі праінфармаваныя аб рашэнні ўладаў лістом ад 7 траўня за подпісам намесніка старшыні Мінгарвыканкама Міхаіла Ціценкова. Улады абгрунтавалі забарону шэсця артыкулам 9 закона “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”, адзначаючы ў лісце, што “правядзенне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласці менш за 200 метраў ад падземных пешаходных пераходаў, станцыяў метрапалітэна”. Прычына адмовы выглядала абсалютна абсурднай і дыскрымінацыйнай, таму арганізатары заявілі аб намеры правесці мерапрыемства, не зважаючы на яго забарону з боку гарадскіх уладаў. Вынікам сталі затрыманні, зняволенні і штрафы.
14 траўня сусветная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» выказала шкадаванне ў сувязі забаронай Мінгарвыканкамам шэсця і заклікала беларускія ўлады паважаць правы сэксуальных меншасцяў. Але пакуль дзяржава, ігнаруючы свае канстытуцыйныя абавязкі, не хоча спыняць сваю дыскрымінацыйную палітыку.