Прадпрымальніка абвінавачваюць у падпале хаты міліцыянта ў 2005 годзе.
Мікалай Аўтуховіч, разам з падазраванымі ў саўдзеле з ім Юрыем Лявонавым ды Ўладзімірам Асіпенкам, быў змешчаны ў менскі следчы ізалятар 8 лютага.
Актывіст абвясціў галадоўку пратэсту 16 красавіка.
Стан здароўя Мікалая Автуховіча “стабільна кепскі”, кажа яго адвакат Павал Сапелка.
У турэмным шпіталі, дзе Мікалай Аўтуховіч знаходзіцца ад 19 траўня, яго стан да апошняга часу называлі задавальняючым.
Мікалай Аўтуховіч патрабуе альбо каб яго справу накіравалі ў суд, альбо каб яго самога вызвалілі пад падпіску пра нявыезд, кажа адвакат.
Незалежныя праваабаронцы называюць Мікалая Аўтуховіча палітычным зняволеным: аднойчы ён ужо быў судзімы і прызнаны міжнароднай супольнасцю вязнем сумлення.
А намеснік старшыні беларускай парламенцкай камісіі па правах чалавека Анатоль Глаз каментуе цяперашні працэс наступным чынам: “Я гэтай справай не цікавіўся і не цікаўлюся”.
Паводле адваката, расследаванне справы Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзіміра Асіпенкі працягнутае да 3 ліпеня.
Следства па справе трох актывістаў падаўжалася неаднаразова, апошнім разам – да 3 ліпеня, заўважае Наша Ніва.
Выданне кажа пра Мікалая Аўтуховіча як пра былога афганца і паспяховага бізнэсоўца.
Прадпрымальнік удзельнічаў у парламенцкіх выбарах 2004 года – паводле незалежнага экзіт-полу, ён перамагаў па сваім Ваўкавыску.
Мікалай Аўтуховіч быў упершыню зняволены ў 2006 годзе па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры – ён меў правесці за кратамі тры з паловай гады.
Актывіст выйшаў на волю ў 2008 годзе разам з іншымі прызнанымі вязнямі сумлення.
Вызваленню папярэднічаў заклік ЕС аслабаніць палітычных вязняў у Беларусі.