Збор подпісаў у краіне праходзіць досыць актыўна. Пікеты за кандыдатаў на пасаду прэзідэнта размяшчаюцца на цэнтральных вуліцах, плошчах вялікіх і маленькіх населеных пунктаў краіны.
Адрозненнем бягучай кампаніі можна лічыць вялікую колькасць прэтэндэнтаў. Першапачаткова іх было 17, але на сённяшні дзень застаецца 14, што таксама зусім нямала.
Акрамя ініцыятыўных груп А. Лукашэнкі і У. Някляева пра пераадоленне стотысячнага бар’еру ў зборы подпісаў заявілі ініцыятыўныя групы Я. Раманчука, А. Саннікава і В. Цярэшчанкі.
Спыніў збор подпісаў і адмовіўся ад далейшага ўдзелу ў выбарчай кампаніі С. Рыжоў, назваўшы адной з прычын ціск уладаў на асобных сяброў яго ініцыятыўнай групы. Пры гэтым на запыт прадстаўнікоў кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” ім не было прадстаўлена пацвярджэнняў ціску ўладаў. Назіральнікі таксама не змаглі атрымаць інфармацыю пра яго скаргі ў кампетэнтныя органы. Удзел у выбарчай кампаніі працягваюць 14 прэтэндэнтаў.
Роўнасць магчымасцяў
Паказушная “ліберальнасць” гэтай кампаніі, пра якую так часта кажуць улады, заключаецца ў тым, што сябрам ініцыятыўных груп дазволена больш-менш спакойна працаваць. Аднак усё роўна не абыходзілася без эксцэсаў.
Сябра ініцыятыўнай групы аднаго з незалежных кандыдатаў Сяргей Уласаў сутыкнуўся з агрэсіўна настроенымі грамадзянамі ў пад’ездзе жылога дома. Яны не толькі выказалі незадаволенасць працай збіральніка подпісаў, але і пусцілі ў ход кулакі. У выніку збіральнік подпісаў мусіў сысці, каб не справакаваць больш жорсткую бойку.
Пра гэты інцыдэнт распавяла каардынатарка партыі БХД Тацяна Севярынец. На яе думку, больш слушна было б выклікаць міліцыю ды зафіксаваць факт нападу, але збіральнік подпісаў гэтага не зрабіў, бо здолеў абараніцца сам.
Па дапамогу да супрацоўнікаў міліцыі віцебскія збіральнікі подпісаў мусілі звяртацца ўжо некалькі разоў. Андрэй Лядоўскі, збіты нецвярозым грамадзянінам, і Алена Аўчыннікава, якая пацярпела ад бабулі–прыхільніцы А.Лукашэнкі, яшчэ чакаюць, чым скончацца іх звароты ў праваахоўныя органы. А вось пікетоўцы, якія выклікалі нарад міліцыі, каб суняць вулічнага хулігана, стануць удзельнікамі судовага працэсу над ім ужо 28 кастрычніка.
Алесь Галавань, што збіраў подпісы ў Полацку, распавёў, што яго затрымалі ўвечары 19 кастрычніка, калі ён вяртаўся дахаты – ён сябра ініцыятыўных групаў аж трох кандыдатаў.
Супрацоўнікі міліцыі заявілі, што ён падазраецца ў крымінальным злачынстве, прымусілі хлопца прайсці тэст на алкаголь, і калі высветлілася, што ён абсалютна цвярозы, павезлі ў пастарунак міліцыі.
На думку віцебскай зборшчыцы подпісаў Тамары Карызны, прычынай затрымання магла стацца менавіта актыўнасць Алеся Галаваня: нацыянальны сцяг, пад якім ён збірае подпісы на Полацкім кірмашы, прыцягвае ўвагу вялікай колькасці выбаршчыкаў.
Эксплуатацыя настаўнікаў і ўрачоў
Тым часам, праваабаронцы адзначаюць і вялікую колькасць парушэнняў выбарчага кодэксу. Вядома ж, не з боку апазіцыйных кандыдатаў, бо для іх кожнае парушэнне можа стаць апошнім.
Старшыня Бокшыцкага сельскага выканкама (Слуцкі раён, Мінская вобласць) Ганна Шахновіч, якая не з’яўляецца сябрам ініцыятыўнай групы А. Лукашэнкі, асабіста збірала подпісы ў яго падтрымку, аб’язджаючы некаторыя бліжэйшыя вёскі.
У Бабруйскай гарадской паліклініцы збор подпісаў ажыццяўляўся падчас прыёму ў кабінеце флюараграфіі. Прычым, па сведчаннях жыхароў, гатовым падтрымаць А. Лукашэнку прапаноўвалася зрабіць флюараграфію без чаргі.
Стала вядома таксама, што адміністрацыя сярэдняй школы №1 г. Мінска загадала кожнаму настаўніку школы прынесці па 16 подпісаў за Аляксандра Лукашэнку.
Дзе і якім чынам настаўнікі павінны збіраць подпісы, кіраўніцтва школы не цікавіць. Дырэктарка школы перавышае свае службовыя абавязкі, у гэтым ўпэўнены юрыст Алег Волчак (на фота).
“Адміністрацыя гэтай школы прымушае сваіх падначаленых выконваць чужую волю. Сабраныя такім чынам подпісы павінны лічыцца не сапраўднымі. Акрамя таго, 61 артыкул Выбарчага кодэкса абсалютна адназнача кваліфікуе дзеянні адміністрацый устаноў і несяброў ініцыятыўных груп як антызаконныя. Фактычна парушэнне ВК можа пацягнуць за сабой прадугледжаную законам адказнасць, — падкрэслівае А.Волчак. – Канешне, калі б настаўнікі гэтай школы звярнуліся са скаргай у Цэнтрвыбаркам, можна было б аспрэчыць дзеянні яе адміністрацыі і сапраўднасць сабраных подпісаў. Але, на жаль, гэта малаверагодна”, – лічыць Алег Волчак.
Бягучая кампанія па збору подпісаў з’яўляецца шмат у чым паказальнай, а таксама можа дапамагчы прагназаваць і самі хуткія выбары. Ніякіх карэнных зменаў у параўнанні з мінулай кампаніяй не адбылося: улада па-ранейшаму дыскрэдытуе ўсіх альтэрнатыўных, незалежных кандыдатаў, кіруючыся прынцыпам “што можна мне, нельга табе”.
Паводле інфармацыі крыніц "Вясна", "Хартыя-97" і "Народная воля"