ЖЭНЕВА (9 лютага 2016) – “На працягу апошніх чатырох месяцаў у Беларусі не адбылося аніякіх зменаў, накіраваных на рэфармаванне рэпрэсіўных законаў і практык, у той час як з’явіліся шматлікія выпадкі новых парушэнняў асноўных правоў .
Гэтыя выбары, таксама як і ўсе папярэднія, пачынаючы з 1990-х, не адпавядаюць дэмакратычным стандартам, у той час як перавыбранне дзейнага кіраўніка краіны адбылося дзякуючы непадкантрольнай яўцы і непразрыстаму падліку галасоў.1
Тым не менш, разам з міжурадавымі і нацыянальнымі праваабарончымі арганізацыямі я вітаў вызваленне палітычных зняволеных напярэдадні выбараў. Добрым знакам было тое, што, у адрозненне ад выбараў 2010 года, улады ўстрымаліся ад ужывання гвалту ў дачыненні да палітычных апанентаў і не арыштоўвалі альтэрнатыўных кандыдатаў.
На жаль, змрочны стан правоў чалавека ў краіне застаецца нязменным. Нягледзячы на частковае прыпыненне санкцый ЕС і ЗША, якое было ўжытае ў чаканні далейшага паляпшэння правоў чалавека, улады не спынілі сістэматычны пераслед тых, хто адстойваў свае індывідуальныя, грамадзянскія, палітычныя і іншыя правы. Таксама ўлады не выказалі гатоўнасці рэфармаваць закаранелую і дэспатычную прававую сістэму.
Я магу ўзгадаць некаторыя са шматлікіх парушэнняў пасля выбараў, сярод якіх як новыя выпадкі, так і тыя, якія адбываюцца сістэматычна.
-
Не былі прынятыя меры па аднаўленні грамадзянскіх і палітычных правоў вызваленых палітычных вязняў. У той жа час, палітычна матываваныя крымінальныя справы ў дачыненні да кандыдата на пост прэзідэнта 2010-га года Алеся Міхалевіча і журналіста Аляксандра Алесіна працягваюцца, гэтаксама як і турэмнае зняволенне актывіста Міхаіла Жамчужнага.
-
Застаецца ў сіле забарона на ўезд у краіну беларускай праваабаронцы Алены Танкачовай, таксама тым, хто быў вымушаны пакінуць краіну з нагоды палітычнага пераследу, не было прадстаўлена гарантый бяспечнага вяртання.
-
У рэгістрацыі праваабарончых арганізацый “За сумленныя выбары”, “Вясна” і іншых, неаднаразова было адмоўлена па неабгрунтаваных адміністрацыйных прычынах.
На працягу ўсіх гэтых месяцаў, лідары апазіцыі, праваабаронцы, журналісты і іншыя грамадзяне падвяргаліся пераследу, адміністрацыйным працэдурам і штрафам:2
-
Не гледзячы на перапынак ў рэпрэсіях падчас выбараў, удзельнікі выбарчых мітынгаў былі аштрафаваныя праз некалькі месяцаў пасля.
-
У кастрычніку 2015 года, арганізатарам акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў – былому палітвязню Мікалаю Статкевічу, лідарам апазіцыі Уладзіміру Някляеву, Анатолю Лябедзьку і Максіму Вінярскаму – былі прадстаўленыя абвінавачванні ў адміністрацыйных правапарушэннях і накладзеныя штрафы.
-
24 лістапада 2015 года, мірныя пратэсты ў Мінску адбыліся з нагоды дзевятнаццатай гадавіны ўнясення зменаў у Канстытуцыю 1996 года, якія далі прэзідэнту Лукашэнку амаль абсалютныя паўнамоцтвы; а таксама з нагоды ўшанавання памяці зніклых палітыкаў. Адміністрацыйныя справы, якія скончыліся штрафамі, былі распачатыя супраць некалькіх удзельнікаў, сярод іх Павал Севярынец, лідар партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.
-
У снежні 2015 года ўдзельнікі студэнцкіх маршаў, святкавання ўгодкаў прыняцця Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і пратэстаў супраць смяротнага пакарання трапілі пад пераслед і пакаранні.
-
З 18 студзеня 2016 года, 30 удзельнікам акцыі салідарнасці з індывідуальнымі прадпрымальнікамі ў Мінску былі прад’яўленыя абвінавачванні ў адміністрацыйных правапарушэннях.
-
29 студзеня графіцісты Максім Пякарскі, Вадзім Жаромскі, Яраслаў Ульяненкаў і Вячаслаў Касінераў, якія былі жорстка збітыя падчас затрымання ў 2015 годзе за іх неардынарнае мастацтва, былі прысуджаныя да штрафаў.
-
У ходзе судовага працэсу, моладзевыя актывісты Павал Сяргей і Максім Шыцік, падвергліся нападу з боку АМАПу, а Паўла Дабравольскага, журналіста, які рабіў рэпартаж дадзенай справы для Інтэрнэт-партала tut.by, таксама жорстка збілі3 .
-
Аналагічным чынам, практыка прымянення санкцый ў дачыненні да журналістаў-фралансераў працягваецца і нават пагаршаецца. Некалькі журналістаў спадарожнікавага тэлеканала Белсат, якія базуецца ў Польшчы, былі аштрафаваныя, пры гэтым каналу было адмоўлена ў рэгістрацыі ў Беларусі.
Спыненне ўсіх гэтых формаў адвольнага пераследу патрабуе ўсяго толькі палітычнай волі ў гэтай высока цэнтралізаванай сістэме.
Тым не менш, неабходныя змены не павінны абмяжоўвацца мяккім падыходам да існуючых рэпрэсіўных правілаў. Урад Беларусі павінен распачаць шырокія рэформы па прывядзенню заканадаўства ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі ў галіне правоў чалавека.
-
Існуе неабходнасць адмяніць дазваляльны парадак, які цягам двух дзесяцігоддзяў робіць немагчымым ажыццяўляць правы на свабоду выражэння меркавання, мірных сходаў і асацыяцый.
-
Неабходна тэрмінова адмяніць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса, які прадугледжвае крымінальную адказнасць за удзел ў арганізацыях і грамадскіх мерапрыемствах, якія не атрымалі дазволу ад уладаў.
-
Беларусь з’яўляецца апошняй краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, у якой па-ранейшаму прымяняецца смяротнае пакаранне. Я выступаю за тое, каб замяніць смяротныя прысуды, вынесеныя ў 2015 годзе, на пажыццёвае зняволенне 5 студзеня 2016 года, першы за год смяротны прысуд быў вынесены Генадзю Якавіцкаму. Неадкладнае ўвядзенне мараторыя на прывядзенне ў выкананне смяротных прысудаў можа дапамагчы ўладам ўстрымацца ад пастаяннага парушэння права на жыццё імі. Нарэшце, праца над юрыдычным мараторыям на смяротнае пакаранне як такое, з мэтай яго адмены, павінна быць распачатая.
-
Беларусь на працягу дваццаці гадоў застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе няма апазіцыі ў парламенце. Надыходзячыя парламенцкія выбары 2016 года будуць таксама і магчымасцю для ўладаў паказаць іх гатоўнасць да рэформаў, і забяспечыць правядзенне свабодных і справядлівых парламенцкіх выбараў, якія сфармуюць моцны плюралістычны заканадаўчы орган.
Я гатовы супрацоўнічаць з уладамі. Прызнанне мандату ААН па правах чалавека будзе адным з крокаў, які будзе сведчыць ад жаданні ўладаў паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, і працаваць у кірунку падпарадкавання міжнародным стандартам.
Артыкулы па тэме
Арышт з маёмасці Алеся Бяляцкага зняты, паколькі быў накладзены “памылкова”
Узгодненая пазіцыя праваабаронцаў адносна стратэгіі ўзаемадзеяння міжнародных партнёраў з Беларуссю