“Забойства вядомага беларускага журналіста Паўла Шарамета, якое адбылося ў Кіеве зранку 20 ліпеня – гэта не проста навіновая маланка. Гэта маланка, якая б’е толькі па высокім дрэве. Такім высокім быў Павел, дзе б ён ні працаваў – у Беларусі, Расіі ці Украіне. Ягоная чалавечая і прафесійная прыцыповасць, бескампраміснасць і аўтарытэт – прычыны, па якіх ён апынуўся ў беларускай турме, ішоў цяжкім шляхам адстойвання свабоды слова ў Расіі, пакінуў яркі след ва ўкраінскай журналістцы”, – заявіла Таццяна Рэвяка, прэзідэнт Беларускага дома правоў чалавека.

Таццяна Рэвяка падзялілася ўспамінамі пра сустрэчу з праваабаронцамі, на якой прысутнічаў Павел Шарамет у студзені гэтага года: “Дзе б Павел ні працаваў, Беларусь ніколі не сыходзіла з яго інтарэсу. Усе самыя значныя падзеі адлюстраваны ў ягоных выказваннях, разважаннях і тэкстах. У студзені гэтага года Павел Шарамет прыйшоў на сустрэчу спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасці з беларускімі праваабаронцамі, якая адбывалася ў Вільні ў Беларускім доме правоў чалавека. Абмяркоўвалі бягучую сітуацыю, змены, якія адбываюцца ў Беларусі, перспектывы. Павел быў, як заўсёды, іранічны і адначасова аптымістычны, з неверагодным пачуццём гумару і глыбокімі ацэнкамі. З планамі, надзеямі і верай у будучыню. Сёння яго не стала”. 

Беларускі Дом правоў чалавека рашуча асуджае яго забойства і спадзяецца, што арганізатары і выканаўцы забойства будуць знойдзены і пакараныя. Мы выказваем самыя шчырыя спачуванні сям’і Паўла, ягоным родным, сябрам і калегам.