Андрэй Пачобут, карэспандэнт польскай «Gazety Wyborczej», абвінавачваецца ў паклёпе на беларускага прэзідэнта. Як мяркуе следства, у шэрагу публікацый, падрыхтаваных журналістам і распаўсюджаных інтэрнэт-рэсурсамі, «утрымліваліся паклёпніцкія выказванні на адрас кіраўніка дзяржавы».
Пачобут быў затрыманы 21 чэрвеня ў сваёй гродзенскай кватэры. Пасля вобшуку яго павезлі ў пракуратуру, а затым змясцілі ў следчы ізалятар. 30 чэрвеня журналіста вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе.
У ліпені стала вядома, што ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці стварыла следчую групу для расследавання крымінальнай справы Пачобута. З таго моманту ніякай інфармацыі пра ход следства па сваёй справе журналіст не атрымліваў.
Следства вырашылі працягнуць
Аднак следства вырашылі працягнуць: «Тэрмін папярэдняга следства па крымінальнай справе па абвінавачанні Пачобута па арт. 367 ч.2 КК Беларусі прадоўжаны яшчэ на месяц, да 21 лістапада 2012 года, для правядзення дадатковых следчых дзеянняў», — паведаміў у панядзелак афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці, падпалкоўнік юстыцыі Сяргей Шаршаневіч.
Андрэй Пачобут успрыняў навіну спакойна: «За гэтым стаяць палітычныя прычыны. Відавочна, улады вырашылі, што ім пакуль такі працэс не патрэбны, і сітуацыя пакуль застаецца ў падвешаным стане. Ну, а я буду пісаць далей, пакуль не пасадзяць».
Журналіст працуе ў звыклым рэжыме
– Я працую так як працаваў, – кажа журналіст. – З прафесійнага пункту гледжання мне трохі цяжка знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе, бо я не магу пакінуць Гродна дзеля якога-небудзь рэпартажу. Але Гродна я вельмі люблю. Гэта вялікі горад і мне для камфортнага адчування дастаткова яго прасторы, – падсумаваў Пачобут.
Андрэй Пачобут паўторна абвінавачваецца ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку на падставе артыкулаў, змешчаных на «Хартыі» і «Беларускім партызане». Летам мінулага года Пачобута ўжо судзілі за «паклёп на адрас прэзідэнта». Тады суд Ленінскага раёна Гродна прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання на два гады. Цяпер журналісту пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання або пазбаўлення волі да пяці гадоў.
Артыкулы па тэме
Арыштаваны беларускі журналіст Андрэй Пачобут
Перад выбарамі КДБ зацікавіўся сацыяльнымі сеткамі
БАЖ мае заўвагі да асвятлення выбараў, аднак у Назіральнай Радзе па СМІ БАЖаўцы не патрэбныя