Суддзя прызнаў, што 19 траўня Андрэй Моўчан праводзіў несанкцыянаваны пікет, калі ішоў па вуліцы з бел-чырвона-белым сцягам, і прыгаварыў актывіста да штрафу ў 800 тысяч рублёў.

Міліцыянты, якія выступалі сведкамі, заявілі, што Моўчан ішоў са сцягам, але далей іхнія паказанні збольшага разыходзіліся. Адзін з іх заявіў, што актывіст назваў Аляксандра Лукашэнку дрэнным прэзідэнтам ды яшчэ казаў нешта «па-беларуску». Другі сведка не чуў слоў і заклікаў, але зразумеў, што Моўчан лаяўся матам.

Сведкі-міліцыянты паведамілі, што культурна прасілі Моўчана прыбраць сцяг, аднак ён пачаў агрэсіўна рэагаваць на гэта, біў нагамі па службовым аўтамабілі і патрапіў нагой у твар аднаму з міліцыянтаў. Менавіта з-за гэтага яны вымушаныя былі надзець яму кайданкі.

Вядома, што Андрэя Моўчана міліцыянты пры затрыманні моцна збілі, ён трапіў у шпіталь. Пра збіццё сведкі-міліцыянты нічога не сказалі, бо нібыта не бачылі гэтага.

Вольга Моўчан, сястра актывіста, якая спрабавала дапамагчы брату пры затрыманні, сведчыла ў судзе, што Андрэй страціў прытомнасць пасля аднаго з удараў, нанесеных міліцыянтамі, і ў міліцэйскі «варанок» яго зацягвалі за рукі і ногі.

Аднак суддзя падчас працэсу не прыняў да ўвагі збіццё Моўчана, пацверджанае медыцынскай экспертызай, і наогул праігнараваў гэты факт.

Адразу пасля выступу адваката, не чакаючы ані хвіліны, суддзя абвясціў рашэнне — 8 базавых велічынь за несанкцыянаваны пікет.

Андрэй Моўчан пасля суда заявіў, што будзе абскарджваць прысуд, а рашэнне суда назваў запраграмаваным і незаконным. Таксама актывіст паўтарыў, што ягоны выхад у горад са сцягам быў актам салідарнасці з Сяргеем Каваленкам, хоць ён і не праводзіў пэўны пікет з пэўнымі патрабаваннямі.

 «Я, вядома, падтрымаў таго, хто пакутуе за сцяг. Але словаў ці лозунгаў я не выкрыкваў», — сказаў Андрэй Моўчан.

***

Актывіста грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Моўчана затрымалі 19 траўня, калі ён разгарнуў бел-чырвона-белы сцяг на знак салідарнасці з вязнем-галадоўнікам Сяргеем Каваленкам і пачаў рухацца па вуліцы. Праз некалькі хвілін да яго пад’ехала машына з супрацоўнікамі міліцыі, якія папрасілі яго прайсці з імі. Моўчан паспрабаваў удакладніць, з якой нагоды яго затрымліваюць, пасля чаго яго пачалі сілком заштурхоўваць у машыну без тлумачэння прычыны затрымання. Андрэй супраціўляўся, і міліцыянты ўжылі грубую сілу. Пакуль яго збівалі проста на вуліцы, пад’ехала другая машына. Андрэя пасадзілі ў машыну ў кайданках. Збіццё працягвалася і ў машыне. Па папярэдняй выснове лекара, у Моўчана чэрапна-мазгавая траўма, пералом ніжняй сківіцы і рэбраў, адбітыя ныркі і ногі.

Артыкулы па тэме

Міліцыянты жорстка збілі беларуса за нацыянальны сцяг

Арыштаваны беларускі журналіст Андрэй Пачобут

Бяляцкі атрымаў трэцяе спагнанне ў калоніі