Беларусы запалілі свечкі ў памяць аб загінулых  і абвясцілі хвіліну маўчання. У жалобнай кнізе, што захоўваецца ў амбасадзе, актывісты напісалі спачуванні і перадалі ў амбасаду ліст, ад імя Беларускага Дома правоў чалавека, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Беларускага Хельсінкскага камітэта і арганізацыі “By Watch”.

“Выказваем самыя шчырыя спачуванні нарвежскаму народу, родным і блізкім загінушых падчас трагедыі 22 ліпеня 2011 года. Вялікае гора, з якім сутыкнулася Нарвегія і яе грамадзяне, выклікалі і нашых сэрцах боль і горыч, глыбокае суперажыванне і пратэст гвалтоўным і крывавым дзеянням, учыненым супраць мірных грамадзянаў. Спадзяемся, што страшныя падзеі, якія адбыліся ў Нарвегіі, яшчэ больш кансалідуюць грамадства, аб’яднаюць вакол ідэі дэмакратыі і каштоўнасцяў правоў чалавека,” – напісана ў лісце.

Удзельнікі акцыі ўзгадалі таксама і тэракт у Мінску, што адбыўся 11 красавіка на станцыі метро “Кастрычніцкая”, і ахвярамі якога сталі 15 чалавек. Прысутныя памаліліся за супакой душ ахвяраў тэрактаў у Нарвегіі і Беларусі.

***
22 ліпеня ў Нарвегіі адбыўся двайны тэрарыстычны акт. Спачатку адбыўся выбух каля комплексу ўрадавых будынкаў у цэнтры Осла, дзе размяшчаюцца канцылярыя прэм’ер-міністра, а таксама міністэрства энергетыкі, прамысловасці і юстыцыі. Ахвярамі выбуху там, па дадзеных паліцыі, сталі сем чалавек, больш за 19 былі параненыя. Праз некалькі гадзін пасля выбуху ў Осла ў моладзевым лагеры недалёка ад нарвежскай сталіцы мужчына ў паліцэйскай форме пачаў страляць па людзях. У выніку чаго, па паведамленнях паліцыі, па меншай меры 80 чалавек загінула, дзесяткі параненыя. Усяго ў лагеры знаходзіліся каля 700 чалавек. На дадзены момант вядома пра 76 загінулых у выніку двайнога тэракту, у здзяйсненні якога падазраецца 32-гадавы Андэрс Берынг Брэйвік.

Артыкулы па тэме

Пасля тэракту ў Мінску прэзідэнт абяцае "зачыстку па ўсіх кірунках"

Улады Беларусі пераблыталі праваабаронцаў з тэрарыстамі