Віктару Галаванаву,
Міністру юстыцыі Рэспублікі Беларусь
Калектарная вул. 10
220004 Мінск
Беларусь
эл. пошта kanc@minjust.by
У сувязі з пазбаўленнем ліцэнзіі шэрагу беларускіх адвакатаў Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў і спробаў адхілення ад выканання імі прафесійных абавязкаў.
Шаноўны Міністр,
Звяртаюся да Вас ад імя Рады адвакацкіх аб’яднанняў і юрыдычных таварыстваў Еўропы, якая праз нацыянальныя адвакацкія калегіі і таварыствы краін-удзельніц Еўрапейскага Саюзу і Еўрапейскай Эканамічнай Зоны прадстаўляе больш чым мільён еўрапейскіх адвакатаў. У дадатак да адвакацкіх калегій з ЕС, Рада таксама ўключае ўдзельнікаў на правах назіральнікаў з адвакацкіх аб’яднанняў адзінаццаці іншых еўрапейскіх краін.
Рада, у прыватнасці яе Камітэт па правах чалавека ў супрацоўніцтве з Камітэтам па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, надае вялікую ўвагу павазе да правоў чалавека і вяршэнства закону. У прыватнасці, Рада адсочвае сітуацыю з праваабаронцамі ў свеце.
Гэты ліст напісаны з мэтай перадаць занепакоенасць Рады з прычыны ўсё часцейшых выпадкаў пераследу і ўціску адвакатаў у Беларусі, у прыватнасці, нядаўніх падзей, якія ўключаюць ініцыяцыю і выкананне працэсу пазбаўлення шэрагу адвакатаў іх ліцэнзіі Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў па патрабаванні Міністэрства юстыцыі, а таксама спробы адхіліць іх ад выканання сваіх прафесійных абавязкаў у дачыненні да сваіх падабаронных.
Папярэдні ліст, які быў дасланы 27 студзеня 2011 г., перадаваў нашу занепакоенасць у звязку з юрыдычнай дапамогай і сітуацыяй, з якой сутыкнуліся адвакаты ў Беларусі.
Наколькі нам вядома, ціск на некаторых адвакатаў, што абараняюць прадстаўнікоў палітычнай апазіцыі, няўхільна ўзмацняўся пасля акцыі пратэсту, якая адбылася ў Мінску 19-20 снежня – услед за правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў.
Рада была праінфармаваная, што прынамсі 5 адвакатаў – Павел Сапелка (адвакат кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава), Уладзімір Тоўсцік, Тамара Гараева, Таццяна Агеева і яе сын, Алег Агееў, былі пазбаўленыя адвакацкай ліцэнзіі. Касаванне іх ліцэнзій, у нашым разуменні, з’яўляецца наўмыснай спробай ураду перашкодзіць правядзенню справядлівага суда.
Рада таксама даведалася, што былі сарваныя ці забароненыя спробы адвакатаў кансультавацца са сваімі падабароннымі сам-на-сам, копіі важных працэдурных дакументаў па справах іх кліентаў адвакатам не прадастаўляліся, ім таксама не паведамлялася пра перавод іх кліентаў з аднаго СІЗА ў іншы.
У гэтым кантэксце Рада жадае прыцягнуць вашу ўвагу да наступных артыкулаў Асноўных прынцыпаў, што тычацца ролі юрыстаў ААН (1990). Артыкул 16 гаворыць:
"Урады павінны забяспечыць для юрыстаў магчымасць а) выконваць свае прафесійныя абавязкі ў абставінах, вольных ад пагроз, перашкодаў, запалохвання ці беспадстаўнага ўмяшання; b) перамяшчацца і без перашкодаў кансультавацца са сваімі кліентамі ўнутры краіны і за яе межамі; і с) працаваць без пагрозы пераследу або судовых, адміністрацыйных, эканамічных і іншых санкцый за любыя дзеянні, прынятыя ў адпаведнасці з прызнанымі прафесійнымі абавязкамі, нормамі і этыкай".
Артыкул 21 гаворыць:
"Кампетэнтныя органы павінны забяспечваць юрыстаў своечасовым доступам да адпаведнай інфармацыі, дасье і дакументам, што знаходзяцца ў іх веданні ці пад іх кантролем, з тым каб юрысты мелі магчымасць аказваць эфектыўную юрыдычную дапамогу сваім падабаронным. Такі доступ павінен быць забяспечаны адразу ж пры з’яўленні патрэбы."
Да таго ж, артыкул 28 гаворыць, што:
"Дысцыплінарныя захады ў дачыненні да юрыстаў разглядаюцца бесстароннім дысцыплінарным камітэтам, створаным юрыстамі, у незалежным органе, прадугледжаным законам, ці ў судзе і падлягаюць судоваму кантролю."
Беручы ва ўвагу апошнія дзеянні, прынятыя Мінскай гарадской калегіяй адвакатаў, Рада з усёй павагай просіць Вас аднавіць ліцэнзіі Паўла Сапелкі, Уладзіміра Тоўсціка, Тамары Гараевай, Таццяны Агеевай і яе сына Алега Агеева і забяспечыць беларускім адвакатам магчымасць выконваць свае прафесійныя функцыі без страху перад захадамі ў адказ ці любымі іншымі негатыўнымі наступствамі, такімі як дысцыплінарныя санкцыі.
З павагай,
Жорж-Альбер Даль
Прэзідэнт
Копіі:
Наталля Андрэйчык
Старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў
Калектарная вул. 10
220004, Мінск
Беларусь
эл. пошта RKA_by@tut.by
Аляксандр Пыльчанка
Старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў
Вул. Захарава, буд. Б, 50
220050 Мінск
Беларусь
эл. пошта: mgka@advokat.by
Артыкулы па тэме
Абсурд: у адвакатаў забралі ліцэнзію, бо яны паддаліся на ціск КДБ (абноўлена)