У заяве, як інфармуе "Хартыя’97", утрымлівалася асуджэнне пазбаўлення волі апазіцыйнага актывіста Арцёма Дубскага, занепакоенасць станам здароўя палітвязня Мікалая Аўтуховіча, асуджэнні адмоў у рэгістрацыі праваахоўных арганізацый і палітычных партый.  

Паводле заявы, Арцёму Дубскаму судом быў вынесены неабгрунтавана жорсткі прысуд за ўхіленне ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі за ўдзел у дэманстрацыі ў студзені 2008 г. Згодна з прысудам ад 7 ліпеня 2009 г., актывіст пазабаўлены волі тэрмінам на 1 год. А. Дубскага “Міжнародная амністыя” прызнала вязнем сумлення.

ЕЗ звяртае ўвагу на тое, што Беларусь павінна паважаць асноўныя свабоды чалавека, такія як свабода асацыяцыяў. Патрэбны перагляд Крымінальнага кодэксу РБ з мэтай лепшага забеспячэння гэтых свабодаў і прывядзення ў адпаведнасць са стандартамі.

ЕЗ выказвае занепакоенасць і станам здароўя палітвязня Мікалая Аўтуховіча ды просіць беларускія ўлады не пазбаўляць яго магчымасці сустракацца з роднымі.  ЕС заклікае ўлады да ўліку гуманістычнага аспекту справы і чакае хуткага прыняцця рашэння.

Ваўкавыскі палітвязень М.Аўтуховіч спыніў галадоўку, якая доўжылася роўна тры месяцы, 16 ліпеня. Увесь гэты час ён знаходзіўся толькі на глюкозных кропельніцах, страціў больш за 25 кілаграмаў вагі.

Хваляванні выказваюцца і адносна вынясення беларускім судом напрыканцы чэрвеня прысуду аб смяротнай кары Васілю Язапчуку. ЕЗ настойліва заклікае беларускія ўлады адмяніць смяротнае пакаранне, распачаўшы гэты працэс увядзеннем мараторыю на такую меру.

У заяве таксама гаворыцца,  што Еўразвяз атрымаў інфармацыю адносна рэгістрацыі недзяржаўных арганізацый і палітычных партыяў у Беларусі ў апошнія месяцы. ЕЗ лічыць рэгістрацыю руху “За свабоду” станоўчым момантам, аднак адмовы ў рэгістрацыі партыі “Беларуская хрысціянская партыя”, праваабарончай арганізацыі “Наша вясна”, Партыі свабоды і прагрэсу, Асамблеі БДНА разглядае як неабгрунтаваныя.

Заява адлюстроўвае чаканні што да датрымання з боку беларускай дзяржавы ўзятых на сябе абавязкаў па забеспячэнні плюралізму ў развіцці СМІ. Неабходна прадставіць незалежным выданням досяг да сістэмы дзяржаўнага распаўсюду, а таксама акрэдытацыю замежных выданняў. ЕЗ заклікае беларускую дзяржаву да працягу супрацоўніцтва з прадстаўніцтвам АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ і прытрымлівацца яго рэкамендацыяў у поўнай ступені.