Прадстаўніца АБСЕ па свабодзе СМІ падчас працоўнага візіту ў Мінск выказала меркаванне пра тое, што ў беларускім заканадаўстве аб СМІ варта правесці рэформы.  «Мяркую, што існуе тэрміновая неабходнасць разгляду пытанняў свабоды СМІ ў Беларусі, ажыццяўлення рэформ і змены заканадаўства ў гэтай сферы», — заявіла прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Дуня Міятавіч 4 чэрвеня на сустрэчы з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у Мінску.

Сярод важных пытанняў, на якія Міятавіч звярнула ўвагу беларускага боку, — цяперашні закон аб СМІ. «Ён павінен быць перагледжаны. Мой офіс раней падрыхтаваў юрыдычную ацэнку гэтага закона. На маю думку, неабходна пачаць працэс яго рэфармавання», — заявіла яна.

Нагадаем, закон «Аб сродках масавай інфармацыі», які ўпершыню аднёс Інтэрнэт да сродкаў масавай інфармацыі, пачаў дзейнічаць у Беларусі ў лютым 2009 года.  Закон увёў рэгістрацыю «СМІ, якія распаўсюджваюцца праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт». Дзейнасць любога незарэгістраванага інтэрнэт-СМІ можа быць прыпыненая.Таксама гэты закон забараняе рэгістрацыю СМІ, доля замежнага капіталу ў якіх перавышае трыццаць адсоткаў. Для распаўсюджвання замежнага выдання на тэрыторыі краіны зараз патрабуецца спецыяльны дазвол. Уведзеная была і абавязковая акрэдытацыя журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі.

«Я кажу ўсё гэта з павагай да беларускіх уладаў. Але мая роля заключаецца ў тым, каб пастаянна нагадваць уладам пра іх абавязацельствы па свабодзе СМІ, узятыя ў межах АБСЕ», — падкрэсліла яна.

Міятавіч зазначыла, што сустрэча з парламентарыямі і прадстаўнікамі парламенцкіх камісій, якія займаюцца пытаннямі СМІ, з’яўляецца неад’емнай часткай яе працы.

«Вельмі важна быць упэўненым, што праца камісіі і экспертныя веды яе членаў падштурхоўваюць да рэформ у правільным кірунку. Як прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ я заўсёды зазначаю, што ўсе заканадаўчыя акты, звязаныя са СМІ, павінны быць дружалюбныя ў адносінах да прэсы і заахвочваць яе працу, а не абмяжоўваць», — сказала прадстаўнік АБСЕ.

3 чэрвеня падчас выступу на адкрыцці семінара-трэнінгу для беларускіх журналістаў «Інтэрнэт-СМІ: свабода, прафэсіяналізм і ўстойлівае развіццё» Дунья Міятавіч заявіла пра сваю прынцыповую пазіцыю адносна цэнзуры ў інтэрнэце: “Свабода ў інтэрнэце абмяркоўваецца сёння ва ўсіх краінах свету. Інтэрнэт вызначае тое, як мы будзем размаўляць паміж сабой у бліжэйшыя дзесяцігоддзі. Менавіта таму ў гэтай галіне нельга рабіць памылак і няправільных крокаў. Менавіта таму інтэрнэт-СМІ не павінны цярпець пераслед”.

***

Дунья Міятавіч наведвала Беларусь у кастрычніку 2010 года. Яна таксама хацела прыехаць у Мінск адразу пасля жорсткага разгону акцыі пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Сярод соцень затрыманых дэманстрантаў былі і незалежныя журналісты, у тым ліку Ірына Халіп і Натальля Радзіна.

 Яны праходзілі як падазраваныя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках і ўтрымліваліся ў следчым ізалятары КДБ. Міятавіч двойчы звярталася з лістамі да міністра замежных спраў Беларусі з просьбай дапамагчы арганізаваць яе візіт у Менск, аднак рэакцыі на яе лісты не было.

 Міятавіч неаднаразова крытыкавала афіцыйны Менск за сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі і пераслед незалежных журналістаў.

Артыкулы па тэме

У пытанні свабоды слова Беларусь прызнаная адной з горшых краін

КДБ разгледзеў экстрэмізм у альбомах "Прэс-фота Беларусі – 2011", фатографы выкліканыя ў суд

Камітэт абароны журналістаў заклікаў улады Беларусі спыніць ціск на журналістку Ірыну Халіп