Універсальны перыядычны агляд, які ў дадзены момант праходзіць Беларусь, – гэта дастаткова новы (дзейнічае з 2006 года) механізм Савета па правах чалавека, што ацэньвае ступень, у якой кожная са 192 дзяржаў-членаў ААН выконвае свае міжнародныя абавязацельствы па правах чалавека. УПА закліканы паляпшаць сітуацыю з правамі чалавека «на месцах», спрыяць выкананню абавязацельстваў дзяржавы ў галіне правоў чалавека і ўмацоўваць патэнцыял дзяржавы ў справе абароны правоў чалавека. Сітуацыя з правамі чалавека ў кожнай дзяржаве разглядаецца раз у пяць гадоў. Універсальны перыядычны агляд – адзін з нешматлікіх механізмаў ААН, які прызнаюць беларускія ўлады.
4 траўня прадстаўнікі Беларусі выступілі перад Працоўнай групай УПА, якая складаецца з 47 сябраў Савета па правах чалавека. Для гэтага МЗС Беларусі падрыхтаваў нацыянальны даклад, прадстаўлены ў сакавіку. Грунтоўную працу ў межах працэдуры УПА правялі і няўрадавыя арганізацыі Беларусі: у верасні 2014 года 11 НДА прадставілі ў офіс Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН кааліцыйны альтэрнатыўны даклад (дакумент далучаем), а таксама шэраг тэматычных дакладаў. Услед за гэтым былі выпрацаваныя Рэкамендацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ўраду ў межах УПА (дакумент далучаем) , якія былі прадстаўлены на папярэдняй сесіі ў Жэневе, што праходзіла 8 – 10 красавіка па ініцыятыве міжнароднай арганізацыі UPR-Info. Праваабаронцы выступілі перад прадстаўнікамі 41 нацыянальнай дэлегацыі Савета па правах чалавека, а з некаторымі дэлегацыямі змаглі сустрэцца асобна з мэтай прасоўвання сваіх рэкамендацый.
Падчас справаздачы 4 траўня пазіцыя Беларусі была агучаная прадстаўнічай дэлегацыяй на чале з намеснікам міністра замежных справаў Валянцінам Рыбаковым з удзелам чыноўнікаў Міністэрства юстыцыі, Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства ўнутраных справаў, Дэпартамэнта выканання пакаранняў і Вярхоўнага суду. Яны адзначылі важнасць працэдуры УПА для Беларусі, распавялі пра захады па выкананні рэкамендацый, якія былі вынесеныя ў 2010 годзе, і адказалі на пытанні з боку іншых дзяржаваў.
Сярод тэмаў, якія былі ўзнятыя ў часе інтэрактыўнага дыялогу беларускай дэлегацыі з іншымі дзяржавамі, найбольшая ўвага была нададзеныя праблеме смяротнага пакарання, неабходнасці падпісання Беларуссю Канвенцыі па правах інвалідаў, Статуту Міжнароднага крымінальнага суду ды іншых міжнародных дакументаў па правах чалавека, праблемам палітычных вязняў, прадухілення катаванняў, свабоды сходаў і асацыяцыяў, свабоды слова. Шэраг краінаў выказалі занепакоенасць пагрозай пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў часе будучых выбараў прэзідэнта ў 2015 годзе ды заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць палітычных зняволеных і спыніць практыку пераследу і ціску ў дачыненні да незалежных журналістаў і праваабаронцаў.
Таксама Беларусь заклікалі супрацоўнічаць з інстытутамі ААН па правах чалавека, у тым ліку запрасіць у Беларусь спецыяльных дакладчыкаў (асабліва спецыяльнага дакладчыка па правах чалавека ў Беларусі), выконваць рэкамендацыі Камітэта ААН па правах чалавека, прадстаўляць своечасова справаздачы ў органы ААН.
Пытанне свабоды асацыяцыяў таксама было ўзнятае : былі вынесены рэкамендацыі па скасаванні крымінальнай адказнасці за дзейнасць незарэгістраваных арганізацый (артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса) ды агучаныя прапановы па паляпшэнні прававых умоваў для некамерцыйных арганізацыяў.
Наступным этапам у межах другога раўнду УПА будзе фармуляванне новага набору рэкамендацый беларускаму ўраду у мэтах паляпшэння становічша ў сферы правоў чалавека.
***
Першы цыкл УПА Беларусь прайшла ў 2010 годзе. Да гэтага этапу беларускія НДА таксама рыхтавалі даклад у офіс Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, быў прадстаўлены дзяржаўны даклад, праводзіліся кансультацыі паміж праваабаронцамі і прадстаўнікамі МЗС.
Па выніках першага цыкла УПА міжнародная супольнасць накіравала Беларусі 93 рэкамендацыі для паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека, 55 з іх былі падтрыманы краінай адразу (у маі 2010 года). У верасні 2010 года яшчэ 2 рэкамендацыі былі прызнаныя прымальнымі, 1 рэкамендацыя – часткова прымальнай, 15 рэкамендацый абвешчаныя рэалізаванымі, 1 – такой, што знаходзіцца ў стадыі рэалізацыі, і 19 рэкамендацый прызнаныя непрымальнымі.
Documents:
- Альтэрнатыўны даклад па Універсальным Перыядычным Аглядзе, Беларусь
- Рэкамендацыі арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі ўраду ў межах УПА 2015
Артыкулы па тэме