21 лютага ў Першамайскім райсудзе Віцебску распачнецца суд над Сяргеем Каваленкам, якога вінавацяць у парушэнні рэжыму адбывання «хатняй хіміі» — умоўнага пакарання, прысуджанага яму за бел-чырвона-белы сцяг, вывешаны 7 студзеня 2010 году на гарадской навагодняй елцы ў цэнтры Віцебску. Сябру КХП БНФ пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Але крымінальнае абвінавачанне ён лічыць помстай за сваю грамадскую дзейнасць, і таму 19 снежня распачаў галадоўку на знак пратэсту, якую трымае і дагэтуль.

«Абвінавачанні ў наўмысным ухіленні ад адбывання пакарання абсурдныя, — заявіў праваабаронца  Валянцін Стэфановіч (на фота) . — Я таксама хачу нагадаць, што першапачаткова Каваленка ставілі ў віну не толькі парушэнне грамадскага парадку, але і супраціўленне міліцыі. Аднак тады была „лібералізацыя“, і Каваленку пакінулі на волі, хай і ўмоўнай. Зараз для кіраўніцтва Віцебска такі чалавек стварае шмат праблем, таму яго і спрабуюць ізаляваць».

Як паведамляў адвакат Сяргея Каваленкі, галадоўка апазіцыянера была прыпыненая гвалтоўным чынам 16 студзеня — яму пачалі ўводзіць ежу праз зонд. Потым Сяргей Каваленка, са словаў начальніка СІЗА, непрацяглы час адзін раз на суткі прымаў ежу самастойна. На дадзены момант, паводле адваката, Сяргей цалкам адмовіўся прымаць ежу, у тым ліку і шляхам прымусовага кармлення.

 «Працягвае афіцыйную галадоўку пратэсту. На ўчора яна доўжылася ўжо 58 дзён. Стан яго здароўя ўзмоцніў засцярогі за яго жыццё. Паколькі, са слоў адваката, пагоршылася праца ўнутраных органаў. На нейкія моманты яму жаліўся Сяргей…», — заявіла 15 лютага яго жонка Алена.

Старшыня Еўрапейскага парламента заклікаў вызваліць Сяргея Каваленку

Марцін Шульц (на фота) абмяркоўваў сітуацыю ў Беларусі падчас сустрэчы ў еўракамісарам у пытанні пашырэння і палітыкі еўрапейскага суседства Штэфанам Фюле. Пасля сустрэчы Марцін Шульц зрабіў заяву, у якой было сказана наступнае:

«Мяне жахае ўсё горшая сітуацыя з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі ў Беларусі. Рукі беларускіх уладаў будуць у крыві, калі ён памрэ. Працяглая галадоўка зняволенага апазіцыйнага актывіста Сяргея Каваленкі падкрэслівае парушэнні дэмакратычных прынцыпаў і непавагу да вяршэнства закону. Жыццё Каваленкі цяпер пад пагрозай у сувязі з галадоўкай супраць яго несправядлівага зняволення. Я заклікаю беларускія ўлады вызваліць яго неадкладна і безумоўна, і забяспечыць яму неабходную медычную дапамогу».

Беларускія праваабарноцы заклікалі Каваленку спыніць галадоўку

14 лютага ПЦ “Вясна” звярнуўся да Сяргея Каваленкі з наступнымі словамі: “З вялікай трывогай сочым за Вашым прынцыповым учынкам абвесціць галадоўку, і за тым, як Вы адстойваеце свае перакананні, сваю грамадскую пазіцыю за кратамі. Мы заклікаем Вас як мага хутчэй спыніць галадоўку, паколькі сённяшнія ўлады не паважаюць ні Вашых перакананняў, ні Вашага жыцця. Мы лічым Ваш пераслед выключна палітычным, і заклікаем Вас зберагчы сваё здароўе для сваёй сям’і, жонкі, дзяцей, а таксама для Беларусі і яе будучыні.

У выпадку, калі судовы вырак 21 лютага будзе звязаны з пазбаўленнем волі, мы будзем змагацца за Вашае вызваленне, як і за вызваленне кожнага з палітычных вязняў. На сумленні гэтай улады ўжо не адно злачынства, але не варта такім чынам ахвяроўваць сабой”. 

***
Нагадаем, Каваленка знаходзіцца ў віцебскім СІЗА з 19 снежня 2011 года. 20 снежня ён аб’явіў галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго затрымання. Каваленка быў затрыманы ў межах справы на падставе артыкула 415 КК (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі), актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Нагодай для крымінальнага пераследу сталі чатыры парушэнні, якія Каваленка нібыта ўчыніў, адбываючы пакаранне паводле прыгавору суда Кастрычніцкага раёна Віцебска. У маі 2010 года ён быў асуджаны на тры гады пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня.

Артыкулы па тэме

Ціск і пагрозы для жыцця і здароўя – навіны пра беларускіх палітвязняў

19 снежня – год пасля выбараў

ПЦ "Вясна": Дыялог з Лукашэнкам немагчымы, пакуль у краіне ёсць палітвязні